Упершыню ў гісторыі ЗША Палата прадстаўнікоў адправіла ў адстаўку спікера

Кевін Макарці

Кевін Макарці / Reuters

216 членаў Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША прагаласавалі за адстаўку спікера Кевіна Макарці. Супраць былі 210. У выніку хадайніцтва рэспубліканца Мэта Гетца, які запатрабаваў адхілення ад пасады Макарці, было падтрымана.

Гэта першы выпадак у гісторыі ЗША, калі заканадаўцы Палаты прадстаўнікоў прагаласавалі за адстаўку свайго лідара, паведамляе "Голас Амерыкі".

Партыя рэспубліканцаў кантралюе палату з невялікай перавагай у 221 голас супраць 212, і для адстаўкі спікера патрабавалася ўсяго толькі пяць галасоў рэспубліканцаў, пры ўмове, калі ўсе дэмакраты таксама падтрымаюць прапанову Гетца. Пры галасаванні ні адзін дэмакрат не падтрымаў Кевіна Макарці. Дэмакраты ў цэлым лічаць яго ненадзейным пасля таго, як ён парушыў пагадненне аб выдатках з прэзідэнтам Джо Байдэнам. Таксама яны абураныя яго рашэннем даць зялёнае святло расследаванню ў дачыненні да магчымасці імпічменту прэзідэнта.

41-гадовы Гетц і іншыя вельмі правыя рэспубліканцы абураныя тым, што Макарці паклаўся на галасы дэмакратаў, каб прыняць меру аб часовым падаўжэнні фінансавання працы ўрада. Як вядома, тры дні таму барацьба ўнутры Рэспубліканскай партыі паставіла Вашынгтон на мяжу частковага закрыцця ўрада.

Часовым спікерам ніжняй палаты Кангрэса ЗША прызначаны рэспубліканец Патрык Макгенры.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі