Уначы Расія ўдарыла па рэгіёнах Украіны "Іскандэрамі" і дронамі

Наступствы расійскай атакі ў Адэскай вобласці

Наступствы расійскай атакі ў Адэскай вобласці / ДСНС Украіны

У ноч на 15 красавіка расійскія войскі масава атакавалі рэгіёны Украіны.

Як перадае hromadske са спасылкай на паветраныя сілы УСУ, расіяне запусцілі ўначы тры балістычныя ракеты "Іскандэр-М", а таксама 324 ударныя беспілотнікі. 309 дронаў украінцы здолелі збіць. Балістычныя ракеты і 13 ударных дронаў пацэлілі па дзевяці лакацыях.

У Сумах расійскі беспілотнік уначы ўдарыў па прамысловай зоне горада. Калі ратавальнікі гасілі пажар, акупанты нанеслі па тым жа месцы паўторны ўдар. Тым не менш агонь удалося ліквідаваць. А праз некалькі гадзін па той жа лакацыі быў нанесены трэці ўдар. Звестак пра пацярпелых не было.

У Запарожскай вобласці ў выніку начнога абстрэлу былі пашкоджаныя аўтастаянка, прадпрыемства, прыпынак грамадскага транспарту, прылеглыя жылыя дамы і кіёск. Загінула 74-гадовая прадавачка кіёска.

У Чаркасах ад траўмаў у выніку атакі загінуў 8-гадовы хлопчык. Пацярпелі 14 чалавек, дзевяць з якіх шпіталізавалі. Паводле папярэдняй інфармацыі, выбуховай хваляй і абломкамі былі пашкоджаныя чатыры шматпавярховікі.

Поўдзень Адэскай вобласці быў атакаваны ўдарнымі дронамі. Паведамляецца пра пажары на тэрыторыі партовай інфраструктуры. Ратавальнікі ліквідавалі ўсе ачагі ўзгаранняў, загінулых і пацярпелых няма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.