Уначы Мінскае метро “замкнула”: цягнікі на першай лініі спыніліся
Сёння ўначы ў Мінскім метро спыніліся цягнікі на першай лініі: гэта адбылося за паўгадзіны да заканчэння працы падземкі і пасажыры вымушаныя былі скарыстацца наземным транспартам. Як перадае TUT.by са спасылкай на сведкаў інцыдэнту, тры саставы цягнікоў стаялі ад станцыі “Інстытут культуры” да “Плошчы Леніна”. Рух спыніўся прыкладна ў 0.30. Людзі сядзелі ў цягніках у тунелі і не маглі з іх выйсці.
Інфармацыю пра спынення цягнікоў першай, Маскоўскай лініі пацвердзілі ў прэс-службе Мінскага метрапалітэну. Паводле афіцыйнай інфармацыі, 16 снежня ў 0.27 праз тэхнічную няспраўнасць сістэмы электразабеспячэння на ўчастку “Інстытут культуры” — “Грушаўка” адбылося спыненне апошніх цягнікоў на другім пуці, які вядзе з “Уручча” да “Малінаўкі”.
Супрацоўнікі метро спрабавалі аператыўна ліквідаваць няспраўнасць, але калі стала зразумела, што гэтага не адбудзецца, людзей сталі выводзіць з вагонаў на платформу. Пасажырам прынеслі прабачэнні.
У тунелі стаяў адзін састаў, астатнія некалькі цягнікоў паспелі спыніцца на “Кастрычніцкай” і “Плошчы Леніна”.
“Праблемы ўзніклі толькі з пасажырам састава, які застаўся на перагоне. Ім метрапалітэн яшчэ раз прыносіць свае прабачэнні”, — сказалі TUT.by у прэс-службе.
За ноч праблема ў метро была вырашаная, першы цягнік пайшоў па раскладзе.