Улады Чарнігава сарвалі фэст Be Free?

Фестываль дакладна не адбудзецца 21-22 жніўня, але пакуль не вядома, перанясуць яго на іншы час і ў іншы горад, ці сёлета Be Free зусім адменяць. Мэрыя горада Чарнігава, дзе планавалася напрыканцы жніўня правесці чацвёрты фестываль Be Free, не дае дазволу на яго правядзенне. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў арганізатар фэсту Віталь Супрановіч.

Віталь Супрановіч: “Мы даведаліся, што ўлады Чарнігава настроены на тое, каб не дазволіць нам гэта мерапрыемства. І наш партнёр у Чарнігаве – Чарнігаўскі грамадскі фонд абароны правоў чалавека, яго прадстаўнік звяртаўся ў мэрыю, і да гэтай пары не здолеў атрымаць ніякай паперы. Ні пра тое, што мерапрыемства адменена, ні пра тое, што яно падтрымана”.

Непакоіцца арганізатары пачалі пасля таго, як запланаванае на пачатак чэрвеня пасяджэнне аргкамітэта фестывалю з удзелам прадстаўнікоў улады, праваахоўных органаў, МНС ды іншых не было праведзена. Не атрымалі сёлета арганізатары і паперу з мэрыі з абяцаннямі падтрымаць фэст. І ўсё гэта пасля таго, як была атрыманая папярэдняя вусная згода чарнігаўскіх уладаў на правядзенне Be Free.

Як паведаміў Еўрарадыё партнёр арганізатараў фэсту ў Чарнігаве Віктар Тарасаў, ён чакае, што бліжэйшымі днямі яму перададуць з мэрыі афіцыйную адмову ў правядзенні мерапрыемства.

Віктар Тарасаў: “Наколькі мне патлумачылі, гарадскія ўлады не супраць і падтрымліваюць такія мерапрыемствы. Але зважаючы на апошнія палітычныя падзеі ва Ўкраіне, яны вырашылі пракансультавацца з вышэйстаячымі ўладамі на абласным узроўні. І там ім сказалі, што яны не хочуць правядзення такога мерапрыемства. Мы падазраём, што такі ёсць палітычны падтэкст. З прыходам Януковіча памянялася палітыка ўладаў у дачыненні да Беларусі і да арганізацый, якія не зусім падтрымліваюць улады Беларусі”.

Хутчэй за ўсё, кажа Тарасаў, прычыны адмовы будуць тэхнічныя і надуманыя. Штосьці звязанае з санітарыяй, грамадскім парадкам ці нешта іншае. Пагаджаецца з гэтым і Віталь Супрановіч.

Віталь Супрановіч:
“Заканадаўства Ўкраіны адрозніваецца ад беларускага. Там мерапрыемства забараніць цяжка, бо прынцып правядзення – заяўляльны. Якія могуць быць падставы, каб забараніць фэст, мне цяжка сказаць. Летась ён прайшоў на вельмі высокім узроўні, і нам не было прад’яўлена ніякіх заўваг”.

Еўрарадыё паспрабавала атрымаць каментар у Чарнігаўскай мэрыі з гэтай нагоды. Але ні тэлефон намесніка мэра Аксаны Тунік-Фрыз, якая летась курыравала Be Free, ні тэлефоны ўпраўлення культуры не адказвалі. А Віктар Тарасаў заўважыў, што ён гэтых людзей ужо некалькі дзён не можа “злавіць”.

Ужо цяпер арганізатары заяўляюць, што 21-22 жніўня фестываль "Be Free" дакладна не адбудзецца. І яны ўжо пачалі шукаць іншае месца для яго правядзення. Але пакуль не вядома, будзе ён перанесены на іншы час і ў іншы горад, ці правядзенне адкладуць на наступны год.

Нагадаем, што Фэст Be Free праводзіцца з 2007 года у розных гарадах Украіны пры падтрымцы і спрыянні мясцовых улад. Да гэтага ён праходзіў у Луцку, Львове і Чарнігаве.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі