Вы тут

Украіна падазрае беларускія спецслужбы ў кібератацы на дзяржсайты

Атака адбылася на сайты Кабінета міністраў, МЗС і іншых дзяржорганаў Украіны / Reuters

Украіна падазрае ў кібератацы на сайты сваіх дзяржаўных органаў групу хакераў UNC1151. Яе звязваюць з беларускімі спецслужбамі.

Па словах намесніка сакратара Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Сяргея Дземядзюка, шкоднае праграмнае забеспячэнне, выкарыстанае пры ўзломе, нагадвала тое, з дапамогай якога перад прэзідэнцкімі выбарамі 2016 года ўзламалі сайт Дэмакратычнай партыі ЗША. 

Атака на сайты была толькі прыкрыццём для больш разбуральных дзеянняў, якія адбываліся за кулісамі, і наступствы якіх мы адчуем у найбліжэйшай будучыні, — дадае Дземядзюк.

Атака на сайты Кабінета міністраў, МЗС і іншых дзяржорганаў Украіны адбылася ўночы з 13 на 14 студзеня. На іх першых старонках з'явілася папярэджанне на трох мовах: рускай, украінскай і польскай. Там вялося пра ўцечку дадзеных і пра помсту “за Волынь, за ОУН УПА, за Галицию, за Полесье и за исторические земли”. Служба бяспекі Украіны абвяргае ўцечку дадзеных.

Паведамленне, якое пакінулі хакеры

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.