Украіна і Расія дамовіліся аб абмене палоннымі — 209-я раніца вайны

УСУ за суткі  атакавалі 16 расійскіх аб'ектаў / facebook.com/GeneralStaff.ua
УСУ за суткі  атакавалі 16 расійскіх аб'ектаў / facebook.com/GeneralStaff.ua

Расійскія войскі працягваюць "засяроджваць намаганні на поўнай акупацыі Данецкай вобласці, арганізацыі абароны і ўтрыманні захопленых тэрыторый", кажуць у Генеральным штабе Узброеных Сіл Украіны. Там адзначаюць, што расіяне "абстрэльваюць пазіцыі ўкраінскіх войскаў уздоўж лініі судакранання, перагрупоўваюць свае войскі, пастаянна вядуць паветраную выведку".

За суткі расіяне нанеслі 10 ракетных і 15 авіяцыйных удараў, здзейснілі больш за 56 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па аб'ектах на тэрыторыі Украіны. Ад гэтых абстрэлаў пацярпела інфраструктура больш за 33 населеных пунктаў.

Украінская авіяцыя са свайго боку аткавала 24 раёны засяроджвання жывой сілы і ваеннай тэхнікі праціўніка, а ракеты і артылерыя  — 16 аб'ектаў. "За суткі падраздзяленні сіл абароны Украіны адбілі атакі праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Маёрск, Вясёлае, Курдзюмаўка і Наваміхайлаўка", — гаворыцца ў зводцы.

Паводле ацэнкі Інстытута вывучэння вайны, украінскія сілы ў мінулыя суткі, верагодна, працягвалі абмежаваныя і лакальныя наступальныя аперацыі праз раку Аскол і ўздоўж лініі Ліман-Ямпаль-Белагораўка. Расіяне са свайго боку атакавалі на поўдзень ад Бахмута.

Украина и Россия договорились об обмене пленными —  209-е утро войны
Карта баявых дзеянняў у Данецкай вобласці 19 верасня 2022 года / understandingwar.org

У Інстытуце таксама мяркуюць, што контрнаступ  Украіны на поўначы выклікаў паніку ў прадстаўнікоў Расіі на акупаваных тэрыторыях і некаторых асоб у Крамлі. Аб гэтай панікі кажа тэрміновае абмеркаванне рэферэндумаў аб неадкладным далучэнні Луганскай і Данецкай абласцей да РФ. Аднак гэтыя вобласці часткова застаюцца пад украінскім кантролем. У гэтай сітуацыі развагі расійскіх прапагандыстаў аб "крымскім сцэнары" — маўляў, тады Расіі будзе лягчэй пагражаць НАТА ў адказ за украінскія контратакі — выглядаюць вельмі недарэчнымі. Таму што ўкраінскія атакі ў Крыме зараз "не выклікаюць аўтаматычна адказных дзеянняў Расіі супраць NATO".

"Частковая анэксія на дадзеным этапе таксама паставіла б Крэмль у дзіўнае становішча, патрабуючы, каб ўкраінскія сілы вызвалілі "расійскую" тэрыторыю, і ў зневажальнае становішча з-за няздольнасці выканаць гэта патрабаванне", — адзначаюць у Інстытуце. Там не ўпэўненыя, што Уладзімір Пуцін захоча паставіць сябе ў такое цяжкае становішча дзеля сумнеўнай выгады.

Тым часам у Харкаўскай вобласці ўкраінскія вайскоўцы стабілізавалі сітуацыю і ўпэўнена трымаюць пазіцыі. Аб гэтым у вячэрнім відэазвароце казаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

"Настолькі моцна, што акупанты адчувальна панікуюць. А мы папярэджвалі, што варыянтаў у расійскіх вайскоўцаў толькі два: Уцёкі з нашай зямлі або палон", — сказаў ён. Зяленскі таксама падзякаваў Нацпаліцыі за хуткае аднаўленне правапарадку на вызваленай тэрыторыі, а таксама СБУ — "за тое, што працуе цяпер прыкметна больш вынікова".

"Не магу раскрываць усіх дэталяў, але дзякуючы СБУ цяпер маем упэўненасць, што ў акупантаў не будзе ніякай апоры на ўкраінскай зямлі", — кажа ўкраінскі прэзідэнт. Нагадаем, паводле новага закону, які прынялі ў Украіне ў гэтым годзе, за калабарцыйную дзейнасць і дапамогу дзяржаве-агрэсару прадугледжана да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Украіна і Расія дамовіліся аб абмене 200 палонных, сцвярджае УНІАН са спасылкай на інтервью прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана.  На саміце ШАС ва Узбекістане Эрдаган сустракаўся з прэзідэнтам Расіі Пуціным, абмяркоўвалі вайну ў Украіне. Пуцін, па словах Эрдагана, даў зразумець, "што ён гатовы завяршыць гэта як мага хутчэй".

"Гэта было маё ўражанне, бо так, як справы рухаюцца цяпер, то гэта даволі праблематычна. 200 закладнікаў будуць абмененыя на аснове дамоўленасці паміж бакамі", — заявіў Эрдаган.

Тым часам, Славенія перадасць Украіне 28 танкаў M-55s. А замест іх атрымае ад Германіі 35 цяжкіх грузавых машын і пяць аўтацыстэрнаў для вады нямецкай вытворчасці. Пра гэта паведамілі ва ўрадзе Славеніі, перадае выданне 24ur. Такі абмен прадугледжаны пагадненнем, якое заключылі канцлер Германіі Олаф Шольц і прэм'ер-міністр Славеніі Роберт Голаб. Дакумент быў падпісаны "у салідарнасці з украінскім народам, які супрацьстаіць расійскай агрэсіі, і гэты кругавы абмен таксама ўзмацніць абаронную супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі".

"Громадське" удакладняе, што славенскія танкі M-55s — гэта мадэрнізацыя савецкага танка Т-55, распрацаванага ў канцы Другой сусветнай вайны. Пры мадэрнізацыі была ўсталяваная новая 105-міліметровая гармата з цеплавым кажухом, а таксама новая актыўная браня. Палепшаная сістэма кіравання агнём і ўсталяваны новы прыцэл з лазерным далямерам.

Танкі гатовыя паставіць Украіне і ЗША, але Кіеў павінен даказаць, што зможа іх выкарыстоўваць. Пра гэта ў Twitter паведаміў рэпарцёр амерыканскага выдання Foreign Policy Джэк Дзетч. Паводле яго слоў, "прадстаўнік Міністэрства абароны Злучаных Штатаў Амерыкі сказаў, што" танкі знаходзяцца на стале "для ўкраінскіх сіл, але Украіна павінна будзе прадэманстраваць здольнасць падтрымліваць больш сучасныя мадэлі, каб атрымаць іх".

Украінскія IT-войскі ўзламалі сайт прыватнай вайсковай кампаніі "Вагнер", якая ўдзельнічае ў вайне супраць Украіны. Пра гэта паведаміў міністр лічбавай трансфармацыі Міхаіл Фёдараў. "Усе персанальныя дадзеныя наймітаў у нас. Кожнага ката, забойцу і гвалтаўніка чакае суровае пакаранне", — сказаў ён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі