Вы тут

Украіна абвінавачвае беларускіх вытворцаў цэменту ў несумленнай канкурэнцыі

Фота з архіву

Украіна абвінавачвае беларускіх вытворцаў цэменту ў несумленнай канкурэнцыі. Як заявіў старшыня асацыяцыі “Укрцэмэнт” Павел Качура ў інтэрв’ю агенцтву “Інтэрфакс-Украіна”, імпарт цэменту з Беларусі можа прывесці да закрыцця аднаго-двух заводаў на тэрыторыі Украіны. Паводле дадзеных “Укрцэменту”, у 2016 годзе імпарт гэтага матэрыялу павялічыўся на 40% у параўнанні з 2015 годам.

“Галоўная праблема — нядобрасумленная канкурэнцыя. Мы разумеем адкрытасць рынку як дарогу з двухбаковым рухам, ад якога выйграе галоўным чынам спажывец. Гэта значыць, калі беларускі цэмент канкуруе на рынку Украіны, то і ўкраінскі цэмент павінен мець магчымасьць канкураваць на рынку Беларусі.

І тут узнікае першая праблема — украінскі цэмент на беларускі рынак не пускаюць”, — сказаў Качура.

Ён адзначыў, што называць эканоміку Беларусі рынкавай можна “з вялікай нацяжкай”, таму няма і гаворкі пра рынкавыя кошты. Таксама эксперт адзначае, што ў вытворчасці цэменту Беларусь плануе выкарыстаць таннейшыя, чым ва Украіне, энерганосьбіты.

“І трэцяе, самае сумнае — беларускі цэмент на тэрыторыі Украіны знаходзіць такую пратэкцыю, якая нават не снілася ўкраінскаму вытворцу”, — сказаў кіраўнік “Укрцэменту”.

Павел Качура дадаў, што сёлета былі выяўленыя факты ўвозу беларускага цэменту на мытную тэрыторыю Украіны па фіктыўных сертыфікатах. Ён заклікаў прыцягнуць да адказнасці імпарцёраў, якія парушылі заканадаўства.