Украіна абвергла заяву Лукашэнкі аб транзіце збожжа праз Беларусь

Украіна абвергла заяву Лукашэнкі аб транзіце збожжа праз Беларусь

Украіна не перавозіць у Беларусь і праз сваю тэрыторыю любыя тавары любым відам транспарту. Пра гэта заяўляе Міністэрства інфраструктуры Украіны, каментуючы словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што праз Беларусь пачаўся вываз украінскага зерня.

"Міністэрства інфраструктуры Украіны не падтрымлівае ніякіх стасункаў з пракрамлёўскай уладай дзяржавы-спадарожніка і разлічвае на справядлівы міжнародны суд па ўдзеле Беларусі ў вайсковай агрэсіі супраць Украіны. Разглядаем гэтую заяву Лукашэнкі як чарговы акт інфармацыйнай вайны і просім СМІ выкарыстоўваць толькі правераныя крыніцы інфармацыі", — напісала ведамства.

Падчас аднаго з нядаўніх маналогаў, прымеркаваных да Дня незалежнасці, Лукашэнка заявіў, што Украіна пачала транзіт зерня праз Беларусь.

"Нам ужо перадаплату аддалі чыгунцы. Вязуць. Па чайнай лыжцы", — сказаў беларускі кіраўнік.

Месяц таму Лукашэнка абмяркоўваў пытанне ўкраінскага збожжа з генсекам ААН Антоніу Гутэрышам. Ён прапаноўваў зладзіць транзіт зерня праз тэрыторыю Беларусі ў абмен на зняцце санкцый з афіцыйнага Мінска. Аднак лідары краін Захаду ідэю не падтрымалі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі