"У які горад лепш зваліць": выйшаў рэйтынг беларускіх гарадоў

Да 2020 года чыноўнікі цікавіліся, як павысіць рэйтынг гарадоў, цяпер яны не кантактуюць з даследчыкамі / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

 
Да 2020 года чыноўнікі цікавіліся, як павысіць рэйтынг гарадоў, цяпер яны не кантактуюць з даследчыкамі / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё  

Найлепшым у рэйтынгу беларускіх гарадоў за 2022 год стаў Мінск, але ёсць паказчыкі, па якіх сталіцу абышлі, напрыклад, Івацэвічы і Жлобін.

"Цэнтр новых ідэй" прадставіў вынікі даследавання беларускіх гарадоў. Разглядаліся 40 гарадоў з насельніцтвам больш за 19 тысяч чалавек. Ацэнку рабілі па чатырох параметрах: дэмаграфічная ўстойлівасць, стан эканомікі, якасць жыцця і грамадска-палітычныя практыкі. З прычыны палітычнай абстаноўкі турыстычная прывабнасць гарадоў больш не ацэньваецца.

Такім чынам, дзе лепш жыць, дзе вышэйшыя заробкі, а дзе больш дактароў або моладзі?

Па сукупнасці параметраў у топ-10 увайшлі Мінск, Гродна, Брэст, Салігорск, Дзяржынск, Віцебск, Смалявічы, Жодзіна, Гомель і Мазыр.

“В какой город лучше свалить”: вышел рейтинг белорусских городов
Рэйтынг беларускіх гарадоў / newbelarus.vision

— У першую дзясятку ўваходзяць перш за ўсё абласныя цэнтры. І Мінск, натуральна, тут выйграе па многіх паказчыках. Гэта і заработная плата, і колькасць дактароў, і ВНУ, — кажа малодшы даследчык "Цэнтра новых ідэй" Аляксандр Аўтушка-Сікорскі. У першай дзясятцы ў тым ліку дынамічныя спадарожнікі — Дзяржынск і Смалявічы. Яны размешчаныя блізка да Мінска. І гарады, якія маюць высокі прамысловы патэнцыял. Гэта Мазыр з яго НПЗ, Жодзіна, Салігорск — гарады з высокім узроўнем заробкаў. Гарады, якія прыцягваюць шмат працоўнай сілы. Там нізкае беспрацоўе і нізкі ўзровень злачыннасці.
 

Па моладзь і дактароў — у Івацэвічы

Калі разглядаць асобныя параметры, то не ўсюды Мінск аказваецца першым. Напрыклад, па дэмаграфічнай устойлівасці ён не ўвайшоў нават у топ-10. Тут даследчыкі аналізавалі прырост насельніцтва ў гарадах і прадуктыўны ўзрост, то-бок долю людзей, старэйшых за пенсійны ўзрост. Найлепшыя паказчыкі — у Жлобіна, Івацэвічаў і Брэста.

“В какой город лучше свалить”: вышел рейтинг белорусских городов
Гарады з найлепшай дэмаграфічнай сітуацыяй / newbelarus.vision

— Гэта першы раз, калі мы бачым, што гарады, якія знаходзяцца бліжэй да заходняй мяжы, праяўляюць сябе ў топе. Гэта будзе заўважна ва ўсіх далейшых топах, пра якія мы будзем гаварыць, — кажа Аўтушка-Сікорскі. — Івацэвічы, так, - вельмі маладое насельніцтва, усё добра з дактарамі, сельскагаспадарчая акадэмія, шмат студэнтаў, таму не варта здзіўляцца, што яны вырваліся наперад.

На сітуацыю, як і ў агульным топе, уплываюць прамысловасць і ўзровень заробкаў, якія прыцягваюць працоўную сілу ў гарады.
 

Самая моцная эканоміка — у Мінску

Другі паказчык, які ўлічваўся ў рэйтынгу — стан эканомікі. Даследчыкі глядзелі на сярэдні заробак, узровень беспрацоўя, на тое, наколькі горад можа сябе забяспечваць без датацый, а таксама ўзровень інвестыцый. Першымі аказаліся Мінск, Дзяржынск і Салігорск.

“В какой город лучше свалить”: вышел рейтинг белорусских городов
Гарады з найлепшай эканамічнай сітуацыяй / newbelarus.vision

"Упэўненасць, што ніхто не скрадзе кашалёк"

Грошы — гэта яшчэ не ўсё. Важна, каб у горадзе жылося камфортна. Узровень гэтага камфорту эксперты вымяралі ў блоку "Якасць жыцця".

— Гэта ўпэўненасць у тым, што ніхто не скрадзе кашалёк, магчымасць пайсці палячыцца, магчымасць атрымаць адукацыю. Ад турыстычнага патэнцыялу мы адмовіліся, але рэйтынг славутасцяў пакінулі. Калі ў горадзе ёсць куды схадзіць, гэта ўплывае на якасць жыцця, — працягвае Аляксандр Аўтушка-Сікорскі.

Аказалася, што найлепшыя тут Мінск, Гродна і Віцебск.

“В какой город лучше свалить”: вышел рейтинг белорусских городов
Топ гарадоў па якасці жыцця / newbelarus.vision

— У гэтым топе зноў жа абласныя цэнтры і гарады з буйнымі прамысловымі прадпрыемствамі, бо гэтыя гарады маюць ВНУ.
 

Грамадска-палітычныя практыкі: НДА няма, толькі выканкамы

У блоку "Грамадска-палітычныя практыкі" разгледжана, наколькі мясцовыя ўлады інфармуюць пра сваю працу, як людзі ўдзельнічаюць у палітычным жыцці і наколькі высокі ўзровень рэпрэсій. З гэтага пункту гледжання самымі прывабнымі гарадамі ў 2022 годзе сталі Дзяржынск, Мінск і Салігорск.

“В какой город лучше свалить”: вышел рейтинг белорусских городов
Топ гарадоў з пункту гледжання грамадска-палітычнага жыцця / newbelarus.vision

— Мы глядзелі на тое, як часта публікуюцца рашэнні выканкамаў, наколькі яны даступныя для грамадзян.

Глядзелі на ўзровень грамадскага ўдзелу праз платформу "Голас", на ўзровень рэпрэсій праз сайт politzek.me. Калі хтосьці сядзіць у гомельскай калоніі, але родам ён, напрыклад, з Гродна, гэты чалавек лічыцца як той, хто быў рэпрэсаваны ў Гродне.

І тут вялікая рэмарка. 2021 год стаў, па сутнасці, годам знішчэння усялякіх гарызантальных сувязяў, НДА. Мы вельмі моцна бачым гэта па платформе "Голас". Падзенне рэгістрацыі і ўдзелу аж да 15 разоў у параўнанні з 2020 годам. І мы прыходзім да таго, што называецца кухоннай культурай — давяраеш і ўдзельнічаеш у чымсьці толькі з тымі, з кім ты можаш пасядзець за сталом, — адзначае Аўтушка-Сікорскі.
 

Звычайныя лідары і аўтсайдары

Акрамя топаў "Цэнтр новых ідэй" вылучыў некаторыя групы гарадоў. Напрыклад, пастаянныя лідары — Мінск, Гродна і Брэст. Яны найлепшыя з пачатку складання рэйтынгу, то-бок з 2018 года.

Яшчэ ёсць абласныя цэнтры, што традыцыйна адстаюць.

— Віцебск, Гомель і Магілёў. Там не вельмі высокія заробкі, напрыклад, у Мар'інай Горцы заробкі вышэйшыя, чым у Магілёве. Там слабыя інвестыцыі. Мы лічылі інвестыцыі за пяць гадоў. І ў гэтых гарадах негатыўны натуральны прырост [дэмаграфічны. — Еўрарадыё], — кажа дырэктар "Цэнтра новых ідэй" Антон Раднянкоў.

Яшчэ ёсць буйныя гарады, якія маглі б займаць вышэйшыя месцы ў рэйтынгу, калі б не вялікая праблема — прамысловасць, якая ў іх памірае.

— Баранавічы (34 месца), Барысаў (23 месца), Бабруйск (38 месца). Гэта даволі вялікія гарады, можа здавацца, з развітой прамысловасцю, але там ніжэйшыя за сярэднія дэмаграфічныя паказчыкі, зарплаты, ніжэйшая за сярэднюю якасць жыцця. Акрамя таго, у Бабруйску няма ўніверсітэта, таму там менш моладзі, — працягвае Раднянкоў.

Даследчыкі адзначаюць, што праз палітычнае напружанне страчваюць патэнцыял развіцця гарады, якія прыцягвалі заходніх турыстаў, напрыклад, Брэст і Гродна. Цяпер прыязджаюць па бязвізе хутчэй "чаўнакі", якіх цікавяць пакупкі.

А ў цэлым з прычыны бесперапынных рэпрэсій, эканамічнага спаду і саўдзелу Лукашэнкі ў вайне, жыццё ў Беларусі моцна змянілася, як і значэнне рэйтынгу.

— Раней рэйтынг паказваў, у якім горадзе лепш жыць. Цяпер — хутчэй тое, у які з гарадоў лепш зваліць, калі не хочаш міграваць, — заключае Аўтушка-Сікорскі.

Flowers Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі