У верасні будзе 600-годде запаведніка ў Белавежскай пушчы

Урачыстасці ў сувязі з 600-годдзем ўстанаўлення запаведнага рэжыму ў нацыянальным парку "Белавежская пушча" пройдуць 19—20 верасня.

Як паведамілі ў службе інфармацыі і грамадскіх сувязяў Кіраўніцтва спраў прэзідэнта Беларусі, цяпер працягваецца падрыхтоўка да свята. Чакаецца, што ў дні ўрачыстасцяў запаведнік наведаюць прадстаўнікі ЮНЕСКА, Рады Еўропы, розных прыродаахоўных камісій. У мінулым годзе на падрыхтоўку Белавежскай пушчы да святкавання юбілею было накіравана 26 млрд. рублёў. У парку пабудаваны і рэканструяваны больш за 20 аб'ектаў. У прыватнасці, адкрыўся новы гатэль з басейнам, саунамі, канферэнц-залай. Распрацаваны чатыры турыстычныя экалагічныя маршруты: веласіпедныя — "Звярыны пераход" працягласцю 16 км, "Карская паляна" — 10 км і "Лясныя сцежкі" — 19 км, а таксама пешаходны — "Запаведная дуброва" працягласцю больш за 2 км. Праводзілася работа па рэканструкцыі жыллёвага фонду, рамонце электрасетак і дарог населеных пунктаў, размешчаных на тэрыторыі нацыянальнага парку, у тым ліку вёскі Камянюкі.

Да юбілею ў вёсцы плануецца пабудаваць 15 новых катэджаў для спецыялістаў, завяршыць рамонт мясцовай школы, амбулаторыі, абнавіць фасады адмоў і замяніць на іх дах, мадэрнізаваць ачышчальныя збудаванні. Цяпер вядзецца рэканструкцыя моста праз раку Лясную, працягваецца будаўніцтва дарог і пад'ездаў.

Таксама цяпер у Белавежскай пушчы ідзе работа па будаўніцтве Дома экалагічнай асветы з музеем. У мінулым годзе са сродкаў Кіраўніцтва спраў прэзідэнта на будаўніцтве было асвоена 3 млрд. 308 млн. рублёў. У гэтым годзе з рэспубліканскага бюджэту на гэтыя мэты паступіць яшчэ 4 млрд. рублёў. Ход работ сведчыць, што апрача гэтых сродкаў на будаўніцтва спатрэбіцца дадаткова больш за 6 млрд. рублёў.

Да юбілею таксама запланавана дасягнуць істотных змен у аграпрамысловым комплексе Белавежскай пушчы. Напрыклад, на жывёлагадоўчай ферме сельскагаспадарчага ўчастка "Ціхаволя" будзе зманціравана самае сучаснае даільнае абсталяванне, кіраваць якім аператары змогуць пры дапамозе электроннай апаратуры. Для гэтых мэт Кіраўніцтва спраў прэзідэнта і Рэспубліканскі фонд аховы прыроды выдзелілі ўжо больш за 1,5 млрд. рублёў.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі