У Варшаву за 12 мільёнаў. Наколькі аўтобусы цяпер таннейшыя за цягнікі?

Чарговае падаражанне на Беларускай чыгунцы тлумачаць проста — нацыянальная валюта абясцэньваецца, цэны на міжнародныя квіткі трэба пастаянна падпраўляць. “Яшчэ ў 1995 годзе Саветам па чыгуначным транспарце пры СНД было вырашана, што цэны на міжнародныя пасажырскія перавозкі паміж краінамі СНД будуць прывязаныя да курса швейцарскага франка. Была выбраная гэтая валюта”, — гавораць у пасажырскай службе Беларускай чыгункі. І дадаюць, што па іншых кірунках (цягнікі з Мінска таксама ходзяць у Варшаву, Вільню і Рыгу) цэны квіткоў прывязаныя да еўра.

Параўноўваем новыя цэны на цягнікі, самалёты і аўтобусы, якія звязваюць Мінск з суседнімі сталіцамі. Па ўсім відаць, што цягнікі хутка адбяруць у самалётаў імідж элітнага транспарту, розніца ў цэнах уражвае.

 

"Беларуская чыгунка" падняла кошты на міжнародныя цягнікі

Квіткі на міжнародныя цягнікі ў Беларусі падаражэлі з 19 студзеня з-за росту курсу валют. Пра гэта паведаміў першы намеснік начальніка пасажырскай службы Беларускай чыгункі Андрэй Кашко.

Кіеў

Даехаць да Кіева з Мінска без перасадак можна фірмовым цягніком “Белы бусел”. Пасля падаражання цэны на плацкарт дараслі да 762 тысяч, за купэ трэба будзе заплаціць да 1 мільёна 313 тысяч, міфічнае “СВ” — 2 мільёны 469 тысяч рублёў.

Пры гэтым самалёт (лётаюць “Белавіа” і МАУ) у адзін бок каштуе каля 1 мільёна 800 тысяч, туды і назад — 3 мільёны 300 тысяч. На аўтобусе з Мінска ў Кіеў можна дабрацца за паўмільёна рублёў.

 

Масква

Самы запатрабаваны ў беларусаў міжнародны кірунак, штодня ў Маскву з Мінска адпраўляецца каля дзясятка цягнікоў, вылятае столькі ж самалётаў. Колькі ад’язджае аўтобусаў і маршрутак, падлічыць амаль немагчыма.

Цэны такія: плацкарт у цягніку — ад 650 тысяч, купэ — 1 мільён 300 тысяч, 1 мільён 900 тысяч, “СВ” за 2 мільёны 700 тысяч. Для экстрэмалаў на некаторых цягніках ёсць яшчэ сядзячыя вагоны за 511 тысяч. Але аўтобус яшчэ таннейшы — 400 тысяч у адзін бок, 760 — у абодва. Самае цікавае, што падарожжа ў Маскву і назад у чыгуначным купэ цяпер нават даражэйшае за самалёт. “Белавіа” прапануе квіток у абодва бакі за 2 мільёны 680 тысяч.

 

Санкт-Пецярбург

У паўночную расійскую сталіцу з Мінска цягнікоў і самалётаў нашмат менш, чым у Маскву — па чатыры варыянты штодня. Але і тут чыгунка — самы дарагі. Плацкарт за 710 тысяч, купэ — за 1 мільён 570. Самалёт у абодва бакі каштуе 2 мільёны 235 тысяч рублёў. А на аўтобусе можна даехаць усяго за 500 тысяч (950 у абодва бакі).

 

Вільня

Яшчэ адзін папулярны маршрут у беларусаў. Падаражэў не так значна, бо зусім невялікая адлегласць. Даехаць з Мінска да Вільні цягніком цяпер можна за 298 альбо за 335 тысяч (два беларускія цягнікі на дзень), 402 тысячы (адзін літоўскі), альбо расійскім “Калінінград — Масква”, заплаціўшы 376 тысяч за плацкарт альбо 718 тысяч за купэ. Самалёт да літоўскай сталіцы з Мінска каштуе амаль 2 мільёны ў два бакі, і гэта адзіны кірунак, дзе авіяцыя пакуль не можа скласці канкурэнцыю чыгунцы. Праўда, аўтобусам ўсё адно танней — цэны пачынаюцца ад 220 тысяч.

 

Варшава

Самы таямнічы кірунак і самы дарагі для беларусаў. Хаця адлегласць паміж Мінскам і Варшавай прыкладна такая ж, як паміж Мінскам і Масквой, квіток на цягнік у адзін бок пачынаецца ад 1,5 мільёна рублёў. Пры гэтым беларускага цягніка “Мінск — Варшава” больш няма, нашы вагоны чапляюць да расійскага саставу, і туды яшчэ трэба паспець трапіць. Цэны на праезд у расійскіх міжнародных цягніках кшталту “Масква — Ніца” альбо “Масква — Парыж” проста фантастычныя. За ноч паміж Мінскам і Варшавай можна аддаць нават 12 мільёнаў рублёў.

Самалёт у Варшаву з Мінска ў адзін бок каштуе 1 мільён 600 тысяч, у два — 2 мільёны 462 тысячы. Але найбольш спакуслівыя — зноў жа цэны на аўтобус. Усяго 450 тысяч і нават 810 тысяч у абодва бакі. Танней толькі ў Вільню.

Пры гэтым цэны на чыгуначныя квіткі з Мінска ў Варшаву тым больш уражваюць, што самы дарагі квіток на “СВ” з Мінска да Брэста каштуе ўсяго 216 тысяч (самы танны — увогуле 77). А гэта роўна палова дарогі да польскай сталіцы.

 

Ці перасаджваюцца беларусы з цягнікоў на аўтобусы? У кампаніі “Візіт-Тур”, якая возіць людзей з Мінска ў Варшаву, адназначна адказаць не могуць. “Цяжка сказаць. У нас хапае пасажыраў, але павелічэння іх колькасці мы не назіраем. Колькі было, столькі і ёсць. Карыстаюцца звычайна адны і тыя ж людзі. Пакуль рэзкага павелічэння колькасці ахвочых паехаць аўтобусам мы не заўважылі”, — гавораць у кампаніі.