У Варшаве праходзяць масавыя акцыі пратэсту ля будынку Сейма

У Варшаве праходзяць масавыя акцыі пратэсту ля будынку Сейма

Масавыя акцыі пратэсту працягваюцца ў Варшаве каля будынку Сейма. Актывісты і прыхільнікі апазіцыйнага “Камітэту абароны дэмакратыі” выступаюць супраць бюджэту на 2017 год, які ў пятніцу прынялі дэпутаты польскага парламента, а таксама супраць абмежавання свабоды СМІ. Пратэсты пачаліся ў пятніцу ўвечары, калі апазіцыя заявіла, што не выпусціць дэпутатаў ад кіруючай партыі “Права і справядлівасць” з будынку Сейма аж да калядных святаў.

Удзельнікі акцыі перакрылі выхад з парламента і толькі пад раніцу 17 снежня паліцыя змагла разагнаць дэманстрантаў.

У пятніцу каля парламента праходзіў пратэст журналістаў недзяржаўных і апазыцыйных СМІ. Яны пратэставалі супраць намеру спікера Сейма абмежаваць доступ журналістаў да тэрыторыі парламента. Пра сваю салідарнасць з журналістамі заявіла і апазіцыя. Міхал Шчэрба, дэпутат партыі “Грамадзянская платформа”, выйшаў на парламенцкую трыбуну падчас абмеркавання пытання аб дзяржаўным бюджэце на 2017 год. Палітык размясціў на трыбуне плакат з надпісам “Свободныя медыі ў Сейме”. У адказ на гэта спікер выключыў дэпутату мікрафон і пазбавіў яго права голасу, пасля чаго абвясціў перапынак у пасяджэнні.

У перапынку дэпутаты трох апазіцыйных фракцый занялі трыбуну і прэзідыум Сейма, заблакаваўшы тым самым працу парламента. Такая падзея ў польскім Сейме адбылася ўпершыню за апошнія 10 гадоў.

У той жа час партыя ўлады “Права і справядлівасць” сабралася ў Калоннай зале Сейма на пасяджэнне фракцыі, і пазней абвясціла, што атрымала кворум для правядзення пасяджэнняў без апазіцыі. У такім складзе “Права і справядлівасць” прыняла бюджэт Польшчы на наступны год. Прагаласавалі дэпутаты таксама за закон аб памяншэнні пенсіі асобам, якія працавалі ў сілавых структурах камуністычнай Польшчы. Апазіцыя заяўляе, што ў зале, дзе праходзіла галасаванне, кворуму не было, перадае Радыё Свабода.

“Камітэт абароны дэмакратыі” сцвярджае, што не спыніць сваіх пратэстаў, якія пройдуць у выхадныя ў розных гарадах Польшчы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі