У свеце неспакойна: голад у Афганістане, смерць на здымках і адна добрая навіна

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Дрэнныя навіны: справы ў Афганістане ідуць усё горш і горш. З'явіліся новыя падрабязнасці трагедыі на здымачнай пляцоўцы з Алекам Болдуінам. На папулярным турыстычным востраве больш нікога не чакаюць.

Але мы прыхавалі для вас адну казачную навіну — пра прынцэсу і пра каханне.
 

Замежныя войскі адышлі, прыйшоў голад

Коратка пра сітуацыю ў Афганістане: галодная сям'я прадала сваю дачку за 500 долараў, каб выжыць і пракарміць астатніх дзяцей.

Журналістам ВВС удалося трапіць у лякарню, у якой выходжваюць дзяцей, якія знаходзяцца на мяжы смерці праз голад. Сюжэт пачынаецца словамі: асцярожна, гэтыя кадры могуць вас засмуціць.

Кадры сапраўды могуць засмуціць. У лякарні ляжаць змардаваныя і зусім яшчэ маленькія дзеці, якія важаць удвая менш за належнае.

"Двое маіх дзяцей глядзяць у вочы смерці праз тое, што ў нашай сям'і няма грошай", — кажа журналістам адна з маці ў гэтай лякарні.

Персанал гэтай лякарні месяцамі працуе бясплатна. Сістэма аховы здароўя шмат у чым утрымлівалася за кошт замежных фондаў. Цяпер гэтай падтрымкі няма.

Афганістан сутыкаецца з найбуйнейшым гуманітарным крызісам. Пасля захопу ўлады "Талібанам" міжнародныя фонды перасталі падтрымліваць эканоміку краіны. ААН папярэдзіла: калі ў найбліжэйшы час у краіну не паступіць дапамога, мільёны людзей загінуць.

Рэпартаж журналістаў ВВС

Забойства на здымачнай пляцоўцы

На мінулым тыдні свет шакавала навіна са здымачнай пляцоўкі, дзе здымалі вестэрн "Раст". Актор Алек Болдуін па сцэнары стрэліў са зброі, якая павінна была быць зараджаная халастымі патронамі. Але ў ствале апынуўся баявы. Аператарка Галіна Хатчынс ад гэтага стрэлу загінула.

І вось новыя падрабязнасці са здымачнай пляцоўкі. Здымачная група ў перапынках выкарыстоўвала пісталет Болдуіна для стральбы па мішэнях. Стралялі баявымі патронамі — адзін з іх мог застацца ў пісталеце. Калі Болдуіну ўручылі зброю, яго запэўнілі, што яна разраджаная.

Аператар Рыд Расэл запэўніў, што сам Болдуін вельмі асцярожна абыходзіўся са зброяй. Ён прывёў у прыклад выпадак: Болдуін не пачынаў страляць, не пераканаўшыся, што побач няма дзіцяці-актора.

Пры гэтым стала вядома, што як мінімум два выпадковыя стрэлы адбыліся за некалькі дзён да трагедыі. Тады ніхто не пацярпеў.

У збройніка фільма Ханны Гут'ерэс-Рыд не было неабходнай падрыхтоўкі для працы, на яе скардзіліся. У тым ліку калі яна без неабходнай праверкі дала пісталет 11-гадовай акторцы.

Дый наогул удзельнікі здымачнай групы не аднойчы скардзіліся на недастаткова бяспечныя ўмовы працы на пляцоўцы.

Зрэшты, знайшліся тыя, хто на трагедыі ўжо зрабіў піяр — і вельмі жорсткі. Сын Дональда Трампа выпусціў футболкі з надпісам "Зброя не забівае людзей. Алек Болдуін забівае людзей".

Самога Болдуіна пасля трагедыі журналісты заспелі ў слязах. Ён самастойна адправіўся да шэрыфа даваць паказанні.
 

Не ўсе чакаюць, калі адкрыюцца межы

Вось жыхары вострава Вялікадня не чакаюць. Яны прагаласавалі супраць вяртання турыстаў. Доступ на востраў для іх закрылі яшчэ паўтара года таму.

Цяпер сярод жыхароў правялі рэферэндум, каб высветліць, што яны думаюць пра закрытыя межы.

З аднаго боку, за той час, пакуль востраў быў закрыты, тут зарэгістравалі толькі восем выпадкаў захворвання на каранавірус. З іншага боку, турызм — адзіная крыніца даходу.

Жыхары ўзважылі за і супраць і прагаласавалі супраць адкрыцця межаў на рэферэндуме. Зрэшты, вынікі гэтага рэферэндуму не абавязковыя да выканання.
 

Прынцэса Мака і каханне перамаглі

Гэта быў не вельмі каб жыццесцвярджальны агляд, але з Японіі прыйшлі казачна добрыя навіны.

Заўтра адбудзецца вяселле, якое так доўга адкладалася. Японская прынцэса Мака нарэшце выйдзе замуж за свайго аднакурсніка простага юрыста Камура.

Прынцэса ўпершыню абвясціла пра гэтыя планы яшчэ ў 2017 годзе. А потым у справу ўмяшаліся сваркі і таблоіды.

В мире неспокойно: голод в Афганистане, смерть на съёмках и одна хорошая новость
Прынцэса Мака / Kounosu1

Камура выхоўвала маці, журналістам стала вядома, што яна не выплаціла былому жаніху больш за 30 тысяч долараў. І хоць сын афіцыйна заявіў, што сам разлічыцца з гэтым доўгам, больш за тое, што яго маці лічыла гэтыя грошы падарункам, папаўзлі чуткі. Маўляў, Камура патрэбная не прынцэса, а становішча і грошы.

Да таго ж гэты хаўрус не традыцыйны. Прынцэсе павінны былі падбіраць партыю з сем'яў, з якімі мае зносіны каралеўская сям'я. А Мака закахалася ў аднакурсніка.

Яе вяселле будзе сціплае і зусім не каралеўскае. Пара распішацца ў загсе, потым — прэс-канферэнцыя, а пасля гэтага Мака паляціць з палаца. Прынцэса, якая ўжо больш не будзе прынцэсай, паселіцца са сваім мужам у ЗША — там працуе Камура.

На гэтым, мяркуюць журналісты, прынцэса Мака знікне з таблоідаў. А заўтра можна будзе сачыць за прыгожым, хай і зусім не каралеўскім вяселлем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі