У сучаснай беларускай дзяржаўнай прэсе пануе атмасфера 60-х

Еўрарадыё параўнала сучасныя дзяржаўныя беларускія газеты з савецкімі газетамі 60-х гадоў. Як высветлілася, яны амаль не адрозніваюцца. І па стылі і нават па змесце.
Савецкія газеты можна пачытаць на сайце “Старыя газеты”. Добра, што ёсць такая магчымасць. Але каб акунуцца ў тыя часы, беларусам дастаткова пачытаць галоўныя газеты краіны.

На старонках дзяржаўных выданняў усё тыя ж “абразцовыя даяркі” і шахцёры-стаханаўцы… Усё так жа пішуць пра рэкорды, планы і эканомію. І нават па стылю сучасныя беларускія газеты мала чым адрозніваюцца ад савецкіх.

Газета “Белорусская Нива” асвятляе быт даярак:

“Нас сустракаюць загадчыцы фермай Ларыса Жываглот і Галіна Рубніковіч… “Заробак у даярак падняўся. Цяпер працаўніцы зарабляюць ад 400 тысяч рублёў да мільёна. Хто як працуе… Умовы працы палепшыліся. Вось гэты кароўнік рэканструіравалі. Абнавілі бытавыя памяшканні, працуе душавая…

Ідзем глядзець даільны зал. Па дарозе заходзім у будучы пакой для адпачынку. Тут ідуць аддзелачныя работы. Жанчыны з радасцю паказваюць: вось тут будзе стол, а тут люстэрка. Радуюцца такім пераменам”.

Калі б не лічба ў 400 тысяч рублёў, розніца паміж сучаснай “Беларускай Нівай” і савецкімі газетамі 60-х была б амаль незаўважнай. Глядзіце самі. “Добра зарабляюць калгаснікі”, - абвяшчае загаловак “Сельскай газеты” за 1966-ы год:

“Калгасы раёна, перайшоўшы на гарантаваную аплату працы па тарыфных стаўках, на 30% павысілі аплату палеводам. У сяльгасартэлі “Новы шлях” за мінулы месяц калгаснікам выплацілі 29 тысяч рублёў – амаль на 40 адсоткаў больш, чым было б налічана раней за такі ж аб’ём работ. Палеводы Юлія Быкава і Марыя Хаткевіч зарабілі за месяц па 94-102 рублі”

Сёння на старонках галоўных дзяржаўных газет пішуць пра эканомію. У “Народнай газеце” ёсць нават рубрыка “Дырэктыва №3. Эканомія ў вялікім і малым”. “У гаспадарках Любаншчыны эканомяць з размахам”. “Якія могуць быць сумненні ў выгадзе торфу?” – паціскае плячыма галоўны інжынер “Любанскага райаграсэрвісу” Анатоль Карповіч”.

Сумневаў няма. Спрэс пазітывізм. У савецкія часы бадай не ўсё было настолькі радасна:

“Калгас імя Крупскай – гаспадарка невялікая. Два кароўнікі, два свінарнікі, два цялятнікі і дапаможныя памяшканні. Свінарка Раіса Краўчанка ўсё часцей падумвае пра тое, каб пайсці з фермы, хаця прапрацавала яна тут тры гады. Прычына – цяжкія ўмовы працы.

- Асабліва дрэнна зімой, - кажа Раіса Мікалаеўна. – У свінарніку вельмі халодна. У кормацэху таксама. Вада ў трубах замярзае. Прыходзім па чарзе ў тры гадзіны ночы, каб разагрэць іх”.

Перад выбарамі і падчас уборачнай магчымасць перанесціся ў 60-я, чытаючы беларускую прэсу, павялічваецца ў некалькі разоў.

“Да дажджу, магчыма, паспеем прыбраць поле, - падняўшы галаву ўгару, кажа камбайнёр глускага сельскагаспадарчага вытворчака кааператыва “Зара” Сяргей Касцюкевіч. – І так надвор’е парадкам ураджай сапсавала. З гэтага поля разлічвалі не менш за 30 цэнтнераў з гектара ўзяць, а атрымаем толькі 20…

- Закончым працу ў сваёй гаспадарцы, - дапаможам суседзям, - плануе камбайнёр Васіль Пінчук” – піша “Советская Белоруссия” 2007 года, якая цяпер называецца “Беларусь Сегодня”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі