У Шумілінскім раёне 8-гадовы хлопчык праваліўся пад лёд
Шумілінскі райаддзел Следчага камітэта пачаў праверку па факце смерці васьмігадовага хлопчыка, які праваліўся пад лёд.
Здарэнне абдылося 27 сакавіка каля 14-й гадзіны. Два аднакласнікі гулялі побач з сажалкай паблізу аграгарадка Слабада Шумілінскага раёна. Адзін з хлопчыкаў выйшаў на лёд, каб пакатацца па ім і праваліўся ў ваду. Другі спрабаваў яго выцягнуць, аднак не змог гэтага зрабіць.
Хлопчык пабег па дапамогу. З вады школьніка дастаў вартаўнік ДУА "Слабадскі дзіцячы сад — сярэдняя школа". Брыгада хуткай меддапамогі даставіла хлопчыка ў лякарню. Каля 20-й гадзіны лекары канстатавалі смерць дзіцяці.
Паведамляецца, што следчыя агледзелі месца здарэння, прызначылі судова-медыцынскую экспертызу, апыталі бацькоў і відавочцаў здарэння.