Вы тут

У Рызе ўпершыню не святкавалі Дзень Перамогі: што пра гэта думаюць жыхары горада

Помнік Вызваліцелям у Рызе / EPA

Жыхары Рыгі, якія прывыклі святкаваць 9 траўня масавымі гуляннямі ў парку Перамогі, канцэртамі, шашлыкамі і салютам, сёлета абмежаваліся ўскладаннем кветак да падножжа манумента, узведзенага ў гонар вызваліцеляў Рыгі ад фашыстаў. Дакладней будзе сказаць — іх абмежавалі: гэтым разам усе мерапрыемствы былі забароненыя, помнік абнесены агароджай, дый сам Дзень Перамогі на афіцыйным узроўні адменены — замест яго Сейм абвясціў Дзень памяці загінулых і пацярпелых ва Украіне.

У Латвіі дата 9 траўня стала адной з галоўных ва ўнутрыпалітычным парадку дня яшчэ задоўга да самога свята, якое тут традыцыйна адзначаецца з размахам. Зразумела, што ў папярэднія два гады гэтаму замінала пандэмія, але сёлета ўжо здавалася, што вернецца на кругі свая. Аднак не толькі не вярнулася, але і скурчылася да мінімальных памераў з пагрозай страты не толькі размаху, але і сімвала перамогі — помніка Вызваліцелям. Пытанне пра яго знос цяпер вырашаецца на дзяржаўным узроўні і, здаецца, што рэч ужо толькі ў тэрмінах — калі гэта адбудзецца.

Усяму віной расійская агрэсія супраць Украіны, якую ажыццяўляе войска, што лічыць сябе пераемнікам войска — пераможцы фашыстаў. У гэтым кантэксце помнік вызваліцелям, які і так у Латвіі многія ўспрымалі неадназначна (перамога над Германіяй не прынесла вызвалення Латвіі ад акупацыі Савецкім Саюзам), стаў выглядаць неяк наогул недарэчна. Асабліва з улікам расійскай прапаганды, якая раве "можам паўтарыць".

Увогуле, каб пазбегнуць інцыдэнтаў і правакацый на 9 траўня, улады грунтоўна падстрахаваліся — манумент быў прызнаны тэхнічна небяспечным і абгароджаны. Правядзенне масавых мерапрыемстваў забаранілі, але дазволена было прыйсці і ўскласці кветкі. Яшчэ адзін штрых — незадоўга да памятнай даты ў парку Перамогі была адкрыта выстава пад назвай "Слава Украіне" — дзясяткі вялікіх стэндаў, якія адлюстроўваюць жахі вайны, што ідзе ва Украіне, і трагедыю яе жыхароў. Вось у такім антуражы адбылося ўскладанне кветак і ўшанаванне вызваліцеляў Рыгі і Латвіі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Зрэшты, рыжан, якія адзначаюць Дзень Перамогі 9 траўня, гэта не збянтэжыла — на працягу дня яны ішлі да помніка і неслі кветкі.

Журналісты выдання "Новая газета — Балтия" папрасілі расказаць жыхароў горада, чаму для іх важна прыйсці ў гэты дзень сюды, як яны ставяцца да ўведзеных абмежаванняў, ці дарэчная ў парку Перамогі выстава пра вайну ва Украіне і што яны наогул пра гэтую вайну думаюць.

Сужэнцы Аркадзь і Кацярына

"Калі ваенны час быў — у гэтыя гады я быў маленькі. Перажылі таксама шмат, хоць я жыў у Сібіры і там вайны не было. Ці правільна, што абмежавалі правядзенне мерапрыемстваў каля помніка? Не, вядома. Гэта новая палітыка — яны сваё робяць, а мы сваё. Украіна. Можна па-рознаму гаварыць, але Пуцін трошкі... перабор быў. Трэба было, можа быць, неяк па-іншаму, але невялікі перабор у Пуціна атрымаўся, так думаю", — мяркуе Аркадзь. Яго жонка, Кацярына, падобнага меркавання:

"Рэч у тым, што ў нас ніхто не адбярэ гэтае свята. Мы з ім выраслі, і мы памятаем сваіх бацькоў і памятаем, што гэтае свята было святое для нас. Таму няхай забараняюць, хай хоць што, але мы ўсё роўна будзем святкаваць гэтае свята і душу ў нас не вымуць. Душа баліць нам, калі ўспамінаем Вялікую Айчынную вайну, і вось гэтая вайна — усё роўна душа баліць. Незалежна ад таго, на якім мы баку, вайна — гэта жах".

Ларыса

"Тут жа розныя людзі, у кожнага свая ідэя. Вось у мяне фотаздымак дзеда ў заплечніку. Разумееце — гэта памяць яго. Я ніколі не звязвала гэты помнік з расійскай нейкай агрэсіяй. Гэта для мяне памяць пра свайго дзеда, які ваяваў зусім нядоўга, трапіў у палон і быў да 1943 года ў палоне. І для мяне гэта ні з якой агрэсіяй не звязана, гэта звязана з тым, што ён перажыў, што яны перажылі... І гэта яго памяць", — кажа жанчына.

Андрэй

"А як мы можам аддаць памяць нашых ветэранаў, дзядоў? Столькі жыццяў аддадзена за гэтую перамогу, за наша сённяшняе жыццё. І так гэта ўсё пераварочваць... Ну, нічога не атрымаецца — мы ўсё роўна будзем прыходзіць, ускладаць кветкі, гэта наша памяць. Мы адсвяткуем у сваіх месцах, у нас усё роўна свята. Вядома, вайна, тое, што цяпер адбываецца ва Украіне, — гэта ўсё зусім нечалавечна, гэта трэба спыняць, але гэта не мае дачынення да сённяшняга свята", — упэўнены Андрэй.

Аліна

"Мой дзед ваяваў, я супраць фашызму, самі разумееце, я не магу не прыйсці сюды. І заўсёды буду прыходзіць — вялікае свята, дзень перамогі над фашызмам. Я не праз мерапрыемствы прыходжу, а асабіста для сябе. Нельга было б сюды — пайшла б у іншае месца, нельга было б у іншае месца — пайшла б на могілкі да дзеда. Можна і дома — гэта ж не прынцыпова, гэта проста сімвал", — кажа Аліна.

Аліна / "Новая газета — Балтия"

Алег

"Я прыйшоў паглядзець, што тут адбываецца — сёння даволі памятная дата. Аднак у цяперашні час вельмі дзіўны парадак дня вакол гэтай даты.

У мяне таксама былі сваякі, якія загінулі ў часе Другой сусветнай, Вялікай Айчыннай вайны. Я не часта прыходжу да гэтага помніка, але, калі я сюды прыходжу, я таксама адчуваю памяць пра іх. Што да выставы фота з Украіны, гэта нядрэнна, таму што многія людзі змогуць правесці паралелі — што было ў той час, у саракавыя гады, і што адбываецца цяпер. Гэта важна паказваць, важна, каб людзі пра гэта ведалі. Гэта вайна агрэсіўная, гэта вайна, якая нясе з сабой велізарную колькасць ахвяр. Я лічу, што на гэтай вайне Расія ажыццяўляе злачынствы супраць чалавецтва. І гэта, безумоўна, агрэсіўная вайна", — дзеліцца думкамі Алег.

Пры падтрымцы "Медиасети"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.