У рускіх бамбіць: хто і чым атакуе авіябазы на тэрыторыі Расіі

5 і 6 снежня былі атакаваныя расійскія авіябазы, якія знаходзяцца далёка ад украінскай мяжы / калаж Улада Рубанава

За апошнія дні адбылося адразу некалькі выбухаў на ваенных авіябазах на тэрыторыі Расіі: раніцай 5 снежня — на аэрадромах стратэгічнай авіяцыі РФ у Дзягілева ў Разанскай вобласці і ў Энгельсе ў Саратаўскай вобласці. Былі пашкоджаныя самалёты, загінулі некалькі вайскоўцаў. А раніцай 6 снежня паступіла паведамленне аб пажары ў раёне аэрадрома ў расійскім Курску.

Расійскі бок абвінавачвае ва ўсім Украіну і яе беспілотнікі, украінскі — абраў тактыку тролінга: не пацвярджае, але і не абвяргае.

Што вядома на дадзены момант?

Амерыканская газета The New York Times прывяла падрабязнасці аб нападах беспілотных лятальных апаратаў па аэрадромах Дзягілева і Энгельс. Так, паводле крыніцы выдання, беспілотнікі былі запушчаныя з украінскай тэрыторыі. Прынамсі, адзін з удараў быў нанесены з дапамогай украінскага спецназа, які знаходзіўся непадалёк ад базы і дапамагаў накіраваць беспілотнікі да мэты, адзначыў суразмоўца NYT.

Удары сведчаць пра гатовасць Кіева атакаваць базы ў глыбіні тэрыторыі РФ, а таксама ўпершыню за дзевяць месяцаў вайны прадэманстравалі здольнасць Украіны наносіць удары на такіх вялікіх адлегласцях, піша выданне.

У Мінабароны РФ заяўлялі, што спробы удараў выкананы рэактыўнымі беспілотнымі лятальнымі апаратамі савецкай вытворчасці — нібыта з мэтай вывядзення з ладу расійскіх самалётаў Далёкай авіяцыі ВКС РФ.

У расійскім ведамстве сцвярджалі, што сродкі супрацьпаветранай абароны ВКС Расіі перахапілі ўкраінскія БПЛА, якія ляцелі на малой вышыні. У выніку падзення і выбуху абломкаў на расійскіх аэрадромах была "нязначна пашкоджаная" ашалёўка корпуса двух самалётаў. Пры гэтым трое расійскіх вайскоўцаў тэхнічнага саставу, якія знаходзіліся на аэрадроме, загінулі, чацвёра параненыя, заявілі ў Мінабароны РФ.

Аэрадром Энгельс у Прыволжскай федэральнай акрузе — база для звышгукавых стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў-ракетаносцаў Ту-160, а таксама турбавінтавых стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў-ракетаносцаў Ту-95. Ту-95МС ўваходзяць у склад паветранай кампаненты ядзернай трыяды РФ. Паводле звестак украінскага боку, аэрадром — плацдарм для старту самалётаў для нанясення ўдараў па інфраструктуры Украіны. Аэрадром Дзягілева — прыкладна за 200 кіламетраў ад Масквы.

Аб'екты знаходзяцца на адлегласці 483-724 кіламетраў ад мяжы з Украінай і размяшчаюцца за межамі далёкасці палёту ракет з украінскага арсенала, удакладніла NYT.

Кіеў афіцыйна не ўзяў на сябе адказнасць за тое, што адбылося. Аднак дарадца кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк напісаў у Twitter.

— Зямля — круглая. Гэта адкрыў яшчэ Галілей. Шкада, што ў Крамлі не вывучалі астраномію, аддаючы перавагу прыдворным астролагам. У адваротным выпадку яны б ведалі: калі вельмі часта запускаць нешта ў паветраную прастору іншых краін, рана ці позна невядомыя лятальныя аб'екты вернуцца да месца вылету.

У паветраных сілах Узброеных Сіл Украіны з часоў Савецкага Саюза засталіся на ўзбраенні беспілотнікі — іх у асноўным выкарыстоўваюць як мішэні. Пра гэта сказаў спікер Паветраных сіл ВСУ Юрый Ігнат ў эфіры тэлемарафона.

Ігнат адзначыў, што на ўзбраенні УСУ ёсць розныя беспілотныя лятальныя апараты, у тым ліку і атрыманыя ад партнёраў, напрыклад, Switchblade, якія не маюць такога вялікага радыюсу дзеяння.

"Ёсць яшчэ ў нас савецкія узоры БПЛА, якія цяпер фактычна прымяняюцца толькі ў ролі мішэняў на палігоне", — сказаў спікер паветраных сіл.
Таму, са слоў Ігната, невядома, што адбылося 5 снежня на расійскіх вайсковых аэрадромах Энгельс і Дзягілева.

"Як заўсёды мы кажам — гэта "бавовна", "бавовнятко"... Таму хай тэхніку бяспекі выконваюць, і будзе ўсё добра ў іх", — сказаў спікер паветраных сіл.

Па адной з версій расійскага боку, у атацы маглі быць выкарыстаныя савецкія рэактыўныя беспілотнікі Ту-141 "Стрыж", здольныя развіваць хуткасць да 1100 км/г і ляцець на 1000 км. Яны на самай справе знаходзяцца на ўзбраенні Украіны, але ёсць адно "але": гэта выведвальныя беспілотнікі, якія маральна і тэхнічна састарэлі. Іх, як і сказаў Ігнат, выкарыстоўваюць як мішэні для вучэнняў. Але Расія настойвае: украінцы іх мадэрнізавалі да баявога дрона. Пра гэта пісалі расійскія СМІ яшчэ ў сакавіку гэтага года.

Генерал-маёр ВПС у адстаўцы і былы начальнік Федэральнага ўпраўлення авіяцыйна-касмічнага пошуку і ратавання пры Міністэрстве абароны Уладзімір Папоў лічыць, што Ту-141 маглі абсталяваць баявой часткай.

"Кантэйнер з разведвальным абсталяваннем можна зняць, і туды паставіць, дапусцім, нейкую малагабарытную бомбу. І гэта будзе ўжо ўдарны беспілотнік, нашмат больш хуткі, чым "Байрактар" або іншыя сучасныя лятальныя апараты. У іх хуткасць палёту 200-300 км/г, а гэты ляціць на рэактыўным рухавіку на хуткасці 650-800 км/г. Інэрцыя палёту і рухавіка, і маса самога беспілотніка — ударная сіла атрымліваецца вялікая", — падкрэсліў Папоў.

Вялікая хуткасць палёту і малая вышыня робяць Ту-141 складанай мэтай для СПА. Калі здагадкі Расіі пра мадэрнізацыю савецкіх беспілотнікаў слушныя, то гэта відавочна кепская для іх навіна: запасу палёту ў 1000 км цалкам хопіць, каб "Ту-141" з Украіны даляцелі і да Масквы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.