У польскім Голдапе мясцовыя жыхары жорстка збілі беларусаў

У польскім Голдапе мясцовыя жыхары жорстка збілі беларусаў

8 красавіка група маладых палякаў збіла групу беларусаў у горадзе Голдап на паўночным усходзе Польшчы (Вармінска-Мазурскае ваяводзтва). Расследаваннем справы заняліся мясцовыя праваахоўныя органы, перадае Радыё "Свабода".

Сведкам інцыдэнту стаў сустаршыня руху салідарнасці "Разам" Алесь Макаеў. Ён працуе на мясцовым прадпрыемстве металічных вырабаў Iryd. Якраз учас здарэння ён разам з сынам па другім ішоў баку вуліцы.

Па словах Макаева, каля пяці палякаў напалі на групу з сямі беларусаў: пырснулі пярцовым газам, а потым сталі жорстка біць. Як патлумачылі самі хлопцы, яны вярталіся з паказальных аўтамабільных выступаў у гатэль і не ведаюць прычыну нападу.

Праз нейкі час палякі вярнуліся і зноў напалі на беларусаў. "Там ужо дзікасць была поўная. Зноў пачалі распыляць газ у вочы, мне таксама дасталася: пырснулі так, што нічога не бачыў. Аднаго паляка я трымаў, а астатнія развязалі жорсткую бойку. Аднаму беларусу на поўным маху разбілі аб галаву бутэльку з півам. Наколькі я ведаю, на наступны дзень палякі прыйшлі з дрынамі і каравулілі беларусаў", — распавёў Макаеў.

Адна з версіяў нападу, кажа ён, — палякам не спадабалася руская мова, якой між сабой размаўлялі нашыя суайчыннікі. Праўда, Макаеў не выключае, што магла быць і іншая прычына: два беларусы, якім "больш за ўсіх дасталася", размаўлялі з польскімі дзяўчатамі, пачалі з імі абдымацца і рабіць сэлфі.

Прэс-сакратар акруговай пракуратуры ў Сувалках Рышард Тамкевіч, каментуючы здарэнне, паведаміў журналістам, што інцыдэнт узьнік на глебе "нацыянальнай прыналежнасці".

"Я пацвярджаю, што пракуратура вядзе праверку наконт збіцця 8 красавіка 2018 году каля 19-й гадзіны двух грамадзян Беларусі ў горадзе Голдап трыма грамадзянамі Польшчы, а таксама выкарыстання газу і парушэньня цялеснай недатыкальнасьці адносна пяці іншых грамадзян Беларусі — з прычыны іх нацыянальнай прыналежнасьці", — заявіў ён.

Падазраваных затрымалі, потым адпусцілі. Ім пагражае да 7,5 года пазбаўлення волі. Над імі ўстанавілі паліцэйскі кантроль.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі