У Польшчы раскрылі расійскую шпіёнскую сетку

Супрацоўнік Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы, ілюстрацыйнае фота

Супрацоўнік Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы, ілюстрацыйнае фота / abw.gov.pl

27 сакавіка Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (ABW) правяло ператрусы ў рамках расследавання раскрытай шпіёнскай сеткі, якая дзейнічала на карысць Расіі. Дзейнасць сеткі была скіраваная супраць дзяржаваў і органаў Еўрасаюза.

Паведамляецца, што была задакументаваная дзейнасць па арганізацыі прарасійскіх ініцыятываў і медыякампаніяў у краінах ЕС. У прваатнасці гаворка ідзе пра інтэрнэт-партал voice-of-europe.eu, дзе публікуюцца прарасійскія артыкулы, заявы, каментары і інтэрв’ю пра міжнародную сітуацыю. Польскія спецслужбы выявілі спосаб яго фінансавання. Былі канфіскаваныя 48,5 тысяч еўра і 36 тысяч долараў, шэраг электронных носьбітаў, у тым ліку мабільныя тэлефоны.

Выкрыць прарасійскую сетку ўдалося дзякуючы завершанаму 19 студзеня расследаванню супраць грамадзяніна Польшчы, якога падазравалі ў шпіянажы на карысць Расіі. Ён дзейнічаў у коле польскіх і еўрапейскіх парламентарыяў і выконваў заданні, якія замаўлялі і аплочвалі расійскія спецслужбы. У лік гэтых заданняў уваходзілі прапаганда, дэзынфармацыя і палітычныя правакацыі дзеля пабудовы расійскай сферы ўплыву ў Еўропе.

Агулам за 7 гадоў, з 2016–га па 2023-і, Агенцтва ўнутранай бяспекі і Служба вайсковай контрраведкі Польшчы затрымалі 46 чалавек, падазраваных у працы на разведкі Расіі ці Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі