У Падмаскоўі збілі тры беспілотнікі, Мінабароны РФ абвінавачвае ў атацы Кіеў

Два беспілотнікі ўпалі на падлёце да складоў воінскай часці / @vorobiev_live
Два беспілотнікі ўпалі на падлёце да складоў воінскай часці / @vorobiev_live

Расійскія вайскоўцы ліквідавалі сёння ў Маскоўскай вобласці тры беспілотнікі. У міністэрстве абароны Расіі кажуць пра тэрарыстычную атаку і абвінавачваюць у гэтым украінскія ўлады. У паведамленні расійскага Мінабароны гаворыцца, што ўсе тры беспілотнікі "былі здушаныя сродкамі радыёэлектроннай барацьбы, у выніку чаго страцілі кіраванне і пацярпелі катастрофу". Пацярпелых і разбурэнняў няма. Са слоў губернатара Маскоўскай вобласці Андрэя Вараб'ёва, два беспілотнікі ўпалі на падлёце да складоў адной з воінскіх часцей. Трэці беспілотнік упаў недалёка ад вёскі Лукіна ў Новай Маскве. Нагадаем, падчас атакі беспілотнікаў на Маскву 30 траўня былі пашкоджаныя некалькі жылых дамоў, былі і пацярпелыя.

Варожыя беспілотнікі збівалі гэтай ноччу і ва Украіне. Украінскія Паветраныя сілы паведамляюць, што расійскія войскі запусцілі шэсць ударных беспілотнікаў іранскай вытворчасці Shahed-136/131. Усе яны былі знішчаныя ў Хмяльніцкай вобласці. Паводле звестак мясцовай ваеннай адміністрацыі, абломкі ўпалі на гараж і гаспадарчы будынак у адной з абшчын вобласці. Пацярпелых і загінулых няма.

Расія напала на Украіну ў лютым 2022 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі