У Оршы адмовіліся мяняць рускую частку шыльды ў гонар Караткевіча

Шыльда ў гонар Уладзіміра Караткевіча на аршанскай школе №3 / фота з старонкі Віктара Лютынскага ў Фэйсбуку
Шыльда ў гонар Уладзіміра Караткевіча на аршанскай школе №3 / фота з старонкі Віктара Лютынскага ў Фэйсбуку

Гарадскія ўлады Оршы адмовіліся мяняць рускую частку мемарыяльнай шыльды ў гонар Уладзіміра Караткевіча на сярэдняй школе №3.

Школа носіць імя славутага земляка яшчэ з 1985 года. Раней там вісела беларускамоўная шыльда "У гэтай школе ў 1938-1941 гг. вучыўся выдатны беларускі пісьменнік Ул. Караткевіч".

Аднак у лістападзе 2022 года там урачыста адчынілі іншую шыльду — рускамоўную, да яе быў дададзены ўрывак з верша Караткевіча.

Пад зваротам да гарадскіх уладаў было сабрана больш за 100 подпісаў, адзначае "Народная Воля". "Улічваючы неацэнны ўклад вялікага беларускага пісьменніка ў развіццё беларускай мовы і культуры, а таксама беларускае заканадаўства, просім замяніць мову мемарыяльнай дошкі на беларускую — мову пісьменніка", — гаварылася ў звароце жыхароў Віцебскага рэгіёна.

Падпісанты звароту апелявалі да артыкула 2 Кодэкса Беларусі аб культуры: у ім сцвярджаецца, што "грамадскія адносіны ў сферы культуры грунтуюцца на аснове прынцыпу прыярытэту развiцця беларускай нацыянальнай культуры і прызнання беларускай мовы адным з фактараў фарміравання нацыянальнага менталітэту". Таксама яны спасылаліся на артыкул 8 таго ж Кодэксу, дзе гаворыцца, што "напрамкамі дзяржаўнай палiтыкi ў сферы культуры з’яўляюцца захаванне, развiццё, распаўсюджванне і (або) папулярызацыя беларускай нацыянальнай культуры i мовы".

Але аршанскія ўлады мяняць шыльду адмовіліся. Яны заявілі, што шыльда зробленая на дзвюх мовах, бо Караткевіч таксама пісаў як па-беларуску, так і па-руску.

"У гады студэнцтва з 1949 па 1954 год (філалагічны факультэт Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Т. Шаўчэнкі) пісьменнікам былі напісаны творы на рускай мове (аповесць "Предыстория", апавяданні "Скрипка поёт", "Клён", "Руки" і іншыя, верш "Тут будет канал"). Пасля заканчэння ўніверсітэта з 1954-га па 1958 год Караткевіч выкладаў рускую мову і літаратуру", — гаворыцца ў адказе чыноўнікаў.

Таксама чыноўнікі апелявалі да таго, што выкладанне ў школе №3 вядзецца на рускай мове.

Завяршыў свой адказ намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Уладзімір Калачоў заявай, што ў Беларусі дзяржаўнымі з'яўляюцца беларуская і руская мовы, таму "замена дошкі на будынку ўстановы адукацыі немэтазгодная".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі