У новым альбоме J:морс будзе "пазітыўнае музло"

На канцэрце ў к/з "Мінск", якім гурт J:морс распачаў гастрольны тур па абласных цэнтрах Беларусі, музыканты прэзентавалі 2 новыя песні — "VJ солнце" і "Весна-красна". Нягледзячы на песімістычныя прагнозы, "Морсы" зноў сабралі паўнюткую залу, адыгралі 2,5 гадзінную "хітовую" праграму і дадалі “перцу” новымі інструментамі Як распавёў Еўрарадыё Уладзімір Пугач, песня "Весна-красна" ўвайшла ў афіцыйны зборнік лепшых песень "J:морс""Морсианские хроники 2000-2010", які за тыдзень да канцэрта быў выкладзены для бясплатнага спампавання на www.jmors.by.


"А песня "VJ солнце" пакуль знаходзіцца ў стадыі аранжыроўкі", — працягвае Уладзімір. — "Мы над ёй працуем і, верагодна, яна з'явіцца на нашым новым альбоме, які мы плануем выпусціць восенню. Пакуль мы абкатваем “VJ солнце” на канцэртах".

Што тычыцца новага альбома, у адрозненні ад крыху хмурнаватага "Аквамарына", пласцінка будзе значна больш пазітыўнай, больш рамантычнай і менш жорсткай, дзеліцца адчуваннямі Уладзімір Пугач.





Уладзімір Пугач: "Наступны дыск абяцае быць іншым, адрознівацца ад таго, што мы рабілі раней. Таму што ён ўжо зараз іншым вымалёўваецца, нават па ацэнках назіраючых з боку. Я лічу, што гэта будзе пазітыўнае музло – такая зараз хваля ў нашай творчасці".

У межах праграмы "10 гадоў — усе хіты" J:морс таксама сыгралі некалькі песень у аранжыроўках, падрыхтаваных спецыяльна да канцэрту ў Купалаўскім тэатры.





Для іх выканання да J:морс далучыліся адмысловыя госці — вядомы "вялікі" музыкант Уладзімір Грама і майстар чароўнай флейты Ігар Ляўчук. Вось тут і пачалося сапраўднае шоў — з энэргічным акардэонным сола і гукамі флейты з'явіўся зусім іншы настрой і ў добра ўжо вядомых песень, і ў музыкантаў, і ў гледачоў у зале.




"Нехта з музыкантаў далучыцца і да выступаў па абласных цэнтрах Беларусі", — спадзяецца Уладзімір Пугач.

А ўвогуле, двух аднолькавых канцэртаў у J:морс, па словах музыканта, не бывае ніколі:

Уладзімір Пугач:"Вядома, праграма канцэрту можа быць і агульнай, але заўжды ёсць нюансы, якія і ствараюць пэўную атмасферу і настрой кожнага з канцэртаў".





Зразумела, за 10 гадоў кожная з выкананых песень у "Морсаў" атрымала сваю гісторыю і месца сярод астатніх, улюбёных і не вельмі, кампазіцый. Еўрарадыё паспрабавала даведацца, якая ж песня стала самым любімым "хітом" для фронтмэна гурта.

"Аналізаваць меркаванне чалавека на любы конт — гэта бессэнсоўна, таму што ўсё адбываецца ў дынаміцы", — лічыць Уладзімір Пугач. — "Сёння ён думае так, заўтра — па-іншаму. І нішто гэтага не зменіць, гэта прырода чалавека. Сёння ў мяне адна любімая песня, заўтра — іншая, нават сярод уласнага рэпертуару. Я лічу, што аб'ектыўна ўдалымі за ўсю гісторыю гурта ў нас атрымаліся песні "Жыві" і "Дай мне". Ні адна, ні другая не з'яўляюцца радыёсінгламі".









З праграмай "10 гадоў — усе хіты" J:морс наведаюць Віцебск (27 красавіка), Гродна (28 красавіка), Гомель (29 красавіка) ды Магілёў (30 красавіка).








Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі