Вы тут

У Мінску ўдзельніка пратэстаў асудзілі на 9 гадоў зняволення

Сяргей Сікорскі ў судзе / spring96.org

У Мінску ўдзельніка пратэстаў асудзілі на 9 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму (на год менш, чым прасіў пракурор). 45-гадовага Сяргея Сікорскага прызналі вінаватым не толькі ва "ўдзеле ў масавых беспарадках", але і ў "захоўванні і збыце наркотыкаў". Ён мусіць выплаціць штраф — 8700 рублёў. Як паведамляе spring96.org, крымінальную справу Сікорскага разглядаў суд Фрунзенскага раёна сталіцы (суддзя — Дзмітрый Лукашэвіч).

Да затрымання Сяргей Сікорскі працаваў памочнікам кіраўніка адной з арганізацый у Мінску. У яго чацвёра дзяцей, малодшай дачцэ 4 гады. Яго затрымалі ў верасні за жнівеньскія падзеі (11 жніўня 2020-га была сутычка з АМАПам каля станцыі метро "Пятроўшчына", у аўтобус сілавікоў паляцелі камяні). Падчас ператрусу сілавікі нібыта знайшлі парашкападобнае рэчыва — мефедрон. Наркотык знайшлі і ў крыві Сікорскага. На судзе ён казаў, што залежнасці ад наркотыкаў у яго няма — ужываў іх вельмі рэдка — для зняцця стрэсу. У якасці сведак у судзе выступілі жанчыны, якія заявілі, што набывалі рэчыва ў мінчука.

У судзе мужчына заявіў, што да 9 жніўня мінулага года быў апалітычны. Але жорсткасць сілавікоў і несправядлівасць падштурхнулі яго да ўдзелу ў акцыях пратэсту. У якасці доказаў у судзе былі праслуханыя запісы тэлефонных размоваў Сяргея Сікорскага ад 11 жніўня 2020 года.

Сяргей Сікорскі 11 жніўня 2020 года / sk.gov.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.