У Мінску кіроўца на летняй гуме збіў дзяўчыну (фота)
У Мінску кіроўца Rover збіў дзяўчыну-пешахода. Здарэнне адбылося 2 снежня каля 8.45. Аўтамабіль рухаўся з боку вуліцы Валадзько ў кірунку Магілёўскай і падчас павароту налева наехаў на дзяўчыну, якая пераходзіла дарогу па пешаходным пераходзе на зялёнае святло.
Пацярпелую 1986 года нараджэння даставілі ў лякарню. У яе чэрапна-мазгавая траўма і пералом галёнкі.
Як высветлілі эксперты ДАІ, прычынай інцыдэнту стала выкарыстанне летніх шын.
Яшчэ адно здарэнне з удзелам пешахода адбылося напярэдадні, увечары 1 снежня. Як паведамляе Onliner.by, аўтамабіль “Рэно” збіў на вуліцы Талстога жанчыну, якая пераходзіла дарогу злева на права па ходу руху аўто. Як сцвярджаюць сведкі, жанчына ішла на чырвонае святло. Пацярпелая атрымала цяжкую чэрапна-мазгавую траўму.
Фота: ДАІ