У Мінску адсвяткавалі "Памідорныя Каляды"

23 снежня ў мінскім Рэактары адбыўся канцэрт-святкаванне Калядаў і Дня нараджэння Аляксандра Памідорава.  Адкрываў мерапрыемства гурт Kriwi, франтвуман якога спецыяльна прыехала з Германіі. Як прызналася Вераніка Круглова, кожны прыезд на Радзіму – гэта свята і цуд, таму абсалютна няважна, да чаго прымеркаваны гэты канцэрт, бо ў першую чаргу гэта сустрэча сяброў. А што тычыцца творчасці Kriwi, то немагчымасць рэпетаваць не перашкаджае, музыкам хапае некалькіх гадзін рэпетыцый.


Вераніка Круглова: "Увесь гурт жыве тут, толькі я жыву ў Германіі. Але яны настолькі прафесійныя музыкі, што няма праблем з творчасцю. Мы сустракаемся рэдка, натхняемся хутка, спускаецца такая баба як муза, а яна бывае часта, калі мы сустракаемся. Для мяне гэта цуд".


І сапраўды, выступ Kriwi нагадваў своеасаблівы майстар-клас. Для тых, хто не чуў сённяшняе гучанне гурта, дадам, што гэта сапраўды яскравае прафесійнае шоў, у якім да фолк-року дадаліся элементы фанку ды джазу.


Часам было заўважна, што музыкі не ведаюць, напрыклад, коды песні. Тады яны пераглядаліся адзін з адным і вачамі абіралі таго, хто скончыць песню. І заўважыць гэта з залы было магчыма толькі спецыяльна прыглядаючыся.


Наступным выступаў гурт "У нескладовае", і вельмі цікавым і прыемным момантам стала тое, што Вераніка Круглова таксама трапіла ў вялізны спіс вакалістаў калектыву.


Праўда, на пачатку нешта не атрымлівалася ў музыкаў, яны двойчы спыняліся і пачыналі песню нанова, але гэта было зроблена так міла, што выклікала толькі ўсмешку ўхвалення. Але як прызнаўся пасля выступу лідар калектыву Раман Арлоў, гэты сэт усё роўна можна лічыць адным з лепшых.


Раман Арлоў: "Адбыўся акт волі, волі ў сэнсе філасофскай катэгорыі дзеяння. Можна было знаходзіцца ў зімовай дэпрэсіі, але мы сабраліся, пайгралі музыку і, здаецца, ніхто не расчараваны. І самі ўдзельнікі канцэрту сцвярджаюць, што гэта быў лепшы выступ па энергетыцы, чым падчас прэзентацыі "У нескладовага".


Дарэчы, Вераніка Круглова стала не адзіным сюрпрызам выступу "У нескладовага". Таксама да музыкаў далучыўся Аляксандр Сухараў, які разам з Сашам Памідоравым выканалі стары хіт "эківокаў" "Депрессия".



Паступова, але абсалютна незаўважна выступ "У нескладовага" ператварыўся ў выступ Аляксандра Памідорава. Гэтым разам Саша выступаў без музыкаў, але кампенсаваў гэта выкананнем новай песні пад назвай "Дым".


Яе музыка прысвяціў усім тым, хто не здолеў прыйсці на гэты канцэрт. Пасля выступу Аляксандр падзяліўся, што ў хуткім часе можна чакаць новы альбом, яго выхад – пытанне толькі звядзення.


Аляксандр Памідораў: "Ну, як будуць вольныя спадары тэхнічныя супрацоўнікі, бо ўвесь матэрыял нарэшце запісаны і проста чакае звядзення. А некаторыя рэчы цягам году і нават трох гадоў з'яўляліся на розных складанках, у радыёэфірах ды інтэрнэце".


Закрываў канцэрт гурт "Палац". Было прыемна ўбачыць музыкаў, якія даволі рэдка апошнім часам выступаюць у клубах.


А яшчэ больш прыемна было тое, што гурт цалкам у працаздольным стане і можа запальваць натоўп, які пад песні “Палаца” круціўся ў карагодзе.





Шкада толькі, што наведвальнікаў гэтай імпрэзы было няшмат, бо каля тысячы патэнцыйных слухачоў, на жаль, не здолелі трапіць на мерапрыемства. Варта адзначыць, што ўсе выступоўцы падтрымалі тых, каго не было, і выканалі для іх па песні.


Фота: Gluctim

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі