У Магілёве і наваколлі зафіксавалі ўспышку вельмі заразнага віруса
Хвароба, ілюстрацыйнае фота / pexels.com
Рост колькасці выпадкаў наравіруснай інфекцыі зафіксавалі на тэрыторыі Магілёва і Магілёўскага раёна. У тым ліку рэгіструюцца групавыя ўспышкі захворвання, паведамляе Магілёўскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.
Ад наравіруснай інфекцыі церпяць усе ўзроставыя групы. Аднак найбольшую небяспеку яна ўяўляе для пажылых людзей, дзяцей і асоб з аслабленым здароўем.
Наравірус — адна з разнавіднасцяў вірусаў, якая выклікае вострую кішэчную інфекцыю. Пры гэтым наравірус вельмі заразны. Нават цягам 7-14 дзён пасля выздараўлення чалавек застаецца заразным.
Як падкрэсліваюць медыкі, часцей за ўсё перадача віруса адбываецца ад хворага чалавека да здаровага праз прадметы ўжытку. У харчовых прадуктах, вадзе, на паверхні прадметаў кішэчныя вірусы не размнажаюцца, але доўга выжываюць. Гэта характэрна і для наравірусаў: вільготная прыборка са звычайнымі мыйнымі і спіртазмяшчальнымі сродкамі не гарантуе яго знішчэнне, вірус устойлівы да высыхання, замарожвання, награвання да 60 градусаў. Гіне ён толькі ад дэзінфекцыйных сродкаў з утрыманнем хлору.