У Латвіі з "чорнага спісу" выключаць аўтамабілі з беларускімі нумарамі

Рыга

Рыга / LETA

Сейм Латвіі выключыў згадку аб грамадзянах Беларусі з праекта закона аб дарожным руху, паведамляе прэс-служба кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Святланы Ціханоўскай. На мінулым тыдні прадстаўнікі Офіса Ціханоўскай Анатоль Лябедзька і Віталь Малчанаў сустракаліся з групай "За дэмакратычную Беларусь" у Сейме Латвіі. Вынікам гэтай сустрэчы і стала рашэнне Камісіі па народнай гаспадарцы латвійскага парламента выключыць з "чорнага спісу" аўтамабілі з беларускімі нумарамі.

"Падчас сустрэчы ў Сейме Латвіі мы знайшлі патрэбныя словы і аргументы, якія пераканалі дэпутатаў выключыць згадку грамадзянаў Беларусі з праекта закона аб дарожным руху, — кажа дарадца Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і міжпарламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька. — На пасяджэнні камісіі гэтая папраўка атрымала падтрымку і цяпер мы можам выключыць гэта пытанне са спісу праблемаў беларусаў у Латвіі".

Пра тое, што Латвія не хоча бачыць машыны на беларускіх нумарах на сваіх вуліцах, стала вядома ў пачатку кастрычніка. Каб аўтамабілі не канфіскавалі, іх давялося б перарэгістраваць і атрымаць латвійскія нумары.

У Латвіі з "чорнага спісу" выключаць аўтамабілі з беларускімі нумарамі
Анатоль Лябедзька (у цэнтры) у Сейме Латвіі / t.me/tsikhanouskaya/

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі