У Курапатах аднавілі зламаныя вандаламі крыжы

Талака адбылася ўчора ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам, дзе знаходзяцца масавыя пахаванні ахвяраў бальшавіцкага тэрору. Нагадаем, некалькі дзён таму невядомыя вандалы зламалі альбо выцягнулі з зямлі 36 крыжоў. Сябры Кансерватыўна-хрысціянскай партыі-БНФ і моладзевыя актывісты разам з людзьмі, якія адгукнуліся на іх заклік узяць удзел у талацэ, аднавілі ўсе крыжы. Іх умацоўвалі жалезнымі скобамі ды рабілі глыбейшыя ямы ў зямлі.

Як паведамляе Радыё Свабода, знайшоўся сведка, сталы чалавек, які жыве непадалёк ад Курапатаў, які чуў шум і гвалт на тэрыторыі Курапатаў недзе каля 11-й гадзіны 12-га сакавіка. Калі ён прыйшоў, то ўбачыў паламаныя крыжы, але не бачыў саміх вандалаў.