У інтэрнэце беларускім судам давярае 5,41%, "у рэале" — 61,55%
На сайце Вярхоўнага суда Беларусі з'явіліся вынікі вялікага даследавання грамадскай думкі. Цягам 9 месяцаў наведнікі 9 мінскіх судоў адказвалі на розныя пытанні, аб'яднаныя тэмай даверу да беларускай судовай сістэмы. Апытанне праводзілася пісьмова. Анкеты запоўнілі 632 чалавекі.
За два тыдні да публікацыі вынікаў гэтага даследавання Вярхоўны суд зладзіў яшчэ адно апытанне — на гэты раз, на сваім сайце ў інтэрнэце. Людзям задалі адно пытанне: "Ці давяраеце вы беларускай судовай сістэме?". Вынікі гэтага апытання і зараз можна пабачыць на сайце: давер судам выказалі ўсяго 5,41% рэспандэнтаў. А 95.19% адказалі, што не давяраюць судовай сістэме. Пры гэтым, калі скласці вынікі апытання, атрымаецца 100,6%:
Анкетаванне, што праводзілася ў судах, прынесла супрацьлеглыя вынікі. На прамое пытанне пра давер судовай сістэме станоўча адказалі 61,55% апытаных, або 389 чалавек з 632. Толькі 78 чалавек (12,34%) не гатовыя давяраць судам. Астатнія 165 чалавек, ці 26,11% не змаглі адказаць на гэтае пытанне.
Вынікі апытання, праведзенага ў інтэрнэце, у 11 разоў адрозніваюцца ад рэальнага анкетавання.
Пры гэтым, згодна з тым жа апытаннем, абараняць свае парушаныя правы і інтарэсы толькі ў судзе гатовыя 29,27% рэспандэнтаў. А большасць — 55,22%, ці 349 чалавек з 632 — у суд гатовыя звяртацца толькі ў скрайнім выпадку. Яшчэ 15,50% апытаных не змаглі адказаць на гэтае пытанне.
Іншымі пытаннямі, на якія людзі адказвалі на выхадах з судоў, былі:
— ці задаволеныя вы арганізацыяй прыёма грамадзянаў у судах (так — 75,63%, не — 8,23%, не змаглі адказаць — 16,14%;
— ці задаволеныя вы вынікамі прыёма ў судзе (так — 73,73%, не — 7,91%, не змаглі адказаць — 18,35%;
— ці задаволеныя вы ўзроўнем культуры супрацоўнікаў судоў (так — 87,5%, не — 6,01%, не змаглі адказаць — 6,49%;
— ці дастаткова ў вас інфармацыі пра працу судоў (так — 62,66%, не — 12,66%, не змаглі адказаць — 24,68%;
— як вы ацэньваеце дзейнасць судоў і суддзяў (станоўча — 56,17%, адмоўна — 9,65%, не змаглі ацаніць — 34,18%).