"У гэтай вайне самую важную, стратэгічную, ролю грае Беларусь" — Пазняк

Выступае Зянон Пазняк / Еўрарадыё
Выступае Зянон Пазняк / Еўрарадыё

Вайну ва Украіне можна было б ужо скончыць, калі б Захад меў рашучасць і больш актыўна дапамагаў афіцыйнаму Кіеву. Пра гэта лідар партыі КХП-БНФ Зянон Пазняк заявіў у інтэрв'ю сайту "Зеркало".

"З’явіцца надзея, што Расію адкінуць на свае рубяжы, з якіх яна пачала вайну, і спадзяванне, што пачнецца калі не распад, то дастаткова вялікія структурныя перамены ў самой РасІі. Гэта важна, бо калі пачнуцца такія перамены, што паваляцца асобы, якія цяпер камандуюць у расійскай палітыцы, то адразу паваліцца і Лукашэнка, і ўся яго рэжымная каманда" — кажа Пазняк. Такое развіццё падзей ён назваў аптымістычным варыянтам. Гэта, на думку палітыка, дасць магчымасць вызваліць Беларусь з-пад акупацыі і пачаць будаваць вольную краіну.

Калі ж Беларусь застанецца з расійскімі войскамі і пад акупацыяй, то вайна, на яго думку, не скончыцца. "Бо ў гэтай вайне самую важную, стратэгічную, ролю грае Беларусь. І ўвогуле ва ўсёй гэтай геапалітычнай сітуацыі канфлікту паміж Расіяй і Еўропай галоўная стратэгічная тэрыторыя — Беларусь. І за яе ў першую чаргу ішла барацьба", — упэўнены палітык.

Пазняк падкрэслівае, што напад на Украіну не пачаўся, "пакуль не захапілі Беларусь". Заходнія краіны, на яго думку, на гэтым не акцэнтуюць увагу, і дарэмна. Бо гэта пагражае новай вайной праз некалькі гадоў.

"Трэба даўно паставіць пытанне пра дэакупацыю Беларусі (якое мусіць гучаць на ўвесь голас і з боку Захаду, і з боку ААН, і з боку кіраўнікоў дзяржаваў), пра вывад расійскіх войскаў з Беларусі. Мусяць быць ультыматумы, мусіць быць жорсткая пазіцыя тут, а яе няма. Ну, значыць, больш шанцаў для песімістычнага варыянту: будзе гнілы мір, застанецца акупаваная Беларусь. І гадоў праз 5−7 зноў пачнецца вайна", — мяркуе ён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі