Вы тут

У Германіі Святлана Ціханоўская ўпершыню назвала сябе палітыкам

Святлана Ціханоўская ў Берліне / Reuters

Святлана Ціханоўская ўпершыню назвала сябе палітыкам. Гэта адбылося падчас яе візіту ў Германію ў інтэрв’ю нямецкаму выданню Frankfurter Allgemeine Zeitung. На пытанне пра тое, ці павінен Лукашэнка паўстаць перад судом за свае злачынствы, Ціханоўская адказала, што, як чалавек, яна мяркуе, што так, як палітык — падумала б.

“Я не магу адназначна адказаць на гэтае пытанне. Як чалавек, я сказала б так. Мой муж бязвінна знаходзіцца за кратамі ў Беларусі толькі таму, што хацеў балатавацца ў прэзідэнты. Вядома, Лукашэнка павінен несці за гэта адказнасць. Гэтага хочуць усе, чыіх дзяцей, чыіх мужоў забівалі і катавалі. Але ў той жа час мы хочам, каб уся краіна была вызвалена ад гэтага рэжыму. І таму, як палітык, я кажу: ягоная будучыня можа стаць часткай перамоў. І галоўнае для большасці беларусаў, каб ён канчаткова сышоў”.

Раней Ціханоўская падкрэслівала, што не з’яўляецца палітыкам. Напрыклад, 21 ліпеня падчас выступу на беларускім тэлебачанні ў якасці кандыдаткі ў прэзідэнты Ціханоўская падкрэсліла:

“Я не палітык, мой муж Сяргей Ціханоўскі хацеў стаць прэзідэнтам Беларусі, і за гэта ён цяпер у турме”.

Альбо 2 жніўня ў гасцях у рэдактара Еўрарадыё Змітра Лукашука ў праграме “Пытаннечкі” кандыдатка ў прэзідэнты яшчэ раз адмовілася ад сваіх палітычных амбіцый:

“Я не палітык. Я проста апынулася на палітычнай арэне, але я не палітык. Людзі ідуць да мяне не як да палітыка, яны ўжо перенасыціліся палітыкамі, якія рвуцца да ўлады. Я звычайны чалавек, звычайная жанчына, якая воляй лёсу апынулася на гэтым месцы”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.