У фінале Кубка Палесся сустрэнуцца хакеісты Беларусі і Нарвегіі

Хакеісты зборных Беларусі і Нарвегіі сустрэнуцца 8 лістапада ў фінале міжнароднага турніру Кубак Палесся. Як нагадвае БЕЛТА, спаборніцтвы праходзяць у Бабруйску і Жлобіне. 7 лістапада абодва фіналісты атрымалі другія перамогі ў заключных матчах папярэдняй стадыі і ўзначалілі свае групы.

Зборная Беларусі згуляла з датчанамі — 4:2 (3:0, 1:1, 0:1). Такім чынам, нашыя хакеісты занялі першае месца ў сваёй групе А, набраўшы 6 ачкоў (розніца шайбаў 8-4). Далей размясціліся Аўстрыя — 3 ачкі (5-5) і Данія — 0 (3-7).

У заключным паядынку групы Б зборная Нарвегіі 7 лістапада абыграла Францыю — 6:3. Выніковае становішча ў групе Б: Нарвегія — 6 ачкоў (розніца шайбаў 10-4), Францыя — 3 (6-8), Палессе — 0 (3-7).

Група А базавалася ў Бабруйску, матчы групы Б праходзілі ў Жлобіне.

Сёння, у заключны дзень Кубка Палесся, будуць гуляцца стыкавыя матчы. У паядынку за 1-е месца сустрэнуцца зборныя Беларусі і Нарвегіі. Гульня пройдзе ў Бабруйску і пачнецца ў 17.00.

Бронзу разыграюць Аўстрыя і Францыя. Гэтая сустрэча адбудзецца ў Бабруйску (13.00). 5-е месца ў Жлобіне аспрэчаць Данія і Палессе (15.00).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі