Вы тут

У Брэсце ў СІЗА дзяўчына ўзяла шлюб з палітвязнем

Віктар і Яўгенія сустракаліся чатыры гады / b-g.by

27 красавіка ў Брэсце ў СІЗА дзяўчына ўзяла шлюб з палітвязнем. Як піша "Брестская газета", акрамя палітзняволенага Віктара Панцялеева і яго нявесты Яўгеніі, прысутнічалі толькі рэгістратар і наглядчык.

Віктар і Яўгенія сустракаліся чатыры гады. У траўні 2020-га яны развіталіся. У жніўні мінулага года Віктар Панцялееў трапіў за краты. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў "масавых беспарадках". Яўгенія напісала яму ў СІЗА, ён адказаў і іх адносіны аднавіліся. А цяпер яны — сям'я.

Каля будынка СІЗА дзяўчыну віншавалі сваякі, сябры і нават незнаёмыя людзі. Яўгенія прызнаецца, што вельмі шчаслівая. Паводле яе слоў, Віктар на рэгістрацыі "вельмі хваляваўся, перажываў". "Усё прайшло добра, — кажа дзяўчына. — Эмоцыі, вядома, праз край. Мне здаецца, з мяне ўпаў нейкі груз".

Гэта не першы выпадак, калі дзяўчаты бяруць шлюб з палітвязнямі. У сакавіку ў СІЗА Брэста распісаліся Таццяна і Святаслаў Герасімук.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.