У беларускай Вікіпедыі часова немагчыма хаваць праўкі палітычных артыкулаў
Вікіпедыя / pixabay.com
Пра часовую немагчымасць хаваць праўкі палітычных артыкулаў заявіла беларуская Вікіпедыя.
Як паведамляе супольнасць, праект страціў рэвізораў — удзельнікаў, якія маглі хаваць або выдаляць з гісторыі праўкі ў рызыкоўных матэрыялах. Таму цяпер інфармацыя пра аўтараў і змест рэдагаванняў можа заставацца адкрытай.
Удзельнікам, якія знаходзяцца ў Беларусі, раяць не рэдагаваць палітычныя ды іншыя адчувальныя тэмы са сваіх уліковых запісаў — нават пад псеўданімамі. У якасці альтэрнатывы прапануецца выкарыстоўваць часовыя акаўнты або рэжым інкогніта.
Цяпер у супольнасці праходзіць абмеркаванне і галасаванне за часовае рашэнне, якое дазволіла б часткова аднавіць функцыю схавання правак.
Рэпрэсіі ў асяроддзі вікіпедыстаў працягваюцца з 2022 года. Тады, напрыклад, Марка Бернштэйна асудзілі за артыкулы аб расійскай вайне супраць Украіны, а Паўла Пернікава — за праўкі ў артыкулах пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі.