У Беларусі з'явіўся 96-ы палітвязень

У Беларусі з'явіўся 96-ы палітвязень

Чарговы палітвязень з'явіўся ў Беларусі. Праваабарончая супольнасць прызнала такі статус за Андрэем Чапюком — валанцёрам праваабарончага цэнтра "Вясна", закрытага ўладамі.

Хлопца затрымалі ў Мінску 2 кастрычніка супрацоўнікі ГУБАЗіК. Дома ў яго адбыўся ператрус. 9 кастрычніка, як піша "Вясна", Чапюку выставілі абвінавачванне па ч.2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках). Ён узяты пад варту і змешчаны ў СІЗА №1 г. Мінска.

"Пераслед Андрэя Чапюка ў сувязі з яго легітымнай праваабарончай дзейнасцю расцэньваецца намі як працяг кампаніі па запалохванні і ціску на прадстаўнікоў ПЦ “Вясна” і ўсю праваабарончую супольнасць краіны ў цэлым", — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў.

Яны патрабуюць неадкладна вызваліць з-пад варты Андрэя Чапюка і спыніць яго крымінальны пераслед, спыніць ціск і пераслед беларускіх праваабаронцаў, а таксама няўхільна выконваць міжнародныя абавязальніцтвы Беларусі па гарантыях ажыцяўлення праваабарончай дзейнасці ў краіне.

Пад заявай падпісаліся праваабарончы цэнтр “Вясна” (закрыты ўладамі), РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт", Простае таварыства "Ініцыятыва FORB", РГА "Прававая ініцыятыва”, ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Х'юман Канстанта”, Беларускі Дакументацыйны цэнтр, Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Ініцыятыўная група "Ідэнтычнасць і права".

Поўны спіс палітвязняў можна пабачыць тут.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі