Вы тут

У Беларусі выказаліся пра сітуацыю ў Сірыі, дзе Турцыя атакуе курдаў

Дзеці ў Сірыі ў аўтакалоне ўцекачоў / Reuters

У Беларусі выказаліся пра сітуацыю на паўночным усходзе Сірыі, дзе Турцыя пачала вайсковую аперацыю супраць курдскага апалчэння. Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў, што яе мэта — прадухіліць стварэнне "калідору тэрору" ўздоўж турэцкай мяжы. Плануецца стварыць так званую зону бяспекі і перасяліць у яе да двух мільёнаў сірыйскіх уцекачоў, якія знаходзяцца ў Турцыі.

Курды пачалі супраціўляцца. Як вядома, падчас вайны супраць тэрарыстычнай "Ісламскай дзяржавы" ў Сірыі яны былі саюзнікамі ЗША. Амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп назваў аперацыю Турцыі "кепскай ідэяй". Прадстаўнікі Еўрасаюза заявілі, што планы Турцыі па стварэнні буфернай зоны "наўрад ці будуць адпавядаць міжнародным стандартам". Зроблены спробы склікаць для абмеркавання падзей у Сірыі Савет бяспекі ААН, інфармуе "Бі-Бі-Сі".

МЗС Беларусі ў сваёй заяве піша пра тое, што ў Мінску "з глыбокай заклапочанасцю сочаць за ўзрастаннем напружанасці" на паўночным усходзе Сірыі. Усе бакі заклікаюцца дзейнічаць "у рэчышчы сучасных дамоўленасцяў" і не дапускаць "экскалацыі сітуацыі ў гэтым складаным рэгіёне". Беларускае знешнепалітычнае ведамства лічыць, што ім трэба неадкладна "вярнуцца да дыялогу", каб знайсці палітычныя рашэнні ўрэгулявання крызісу "пры павазе тэрытарыяльнай цэласнасці Сірыі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.