У Беларусі скарачаецца ўжыванне смяротнай кары?

У Беларусі сур'ёзна скарачаецца ўжыванне такога віду пакарання, як смяротная кара. Пра гэта заявіў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Яўген Смірноў на паседжанні круглага стала. Па ягоных словах, пытанне пра адмену смяротнага пакарання або мараторый на яго пакуль застаецца адкрытым, нягледзячы на цвёрдую пазіцыю Савета Еўропы. Як нагадвае БЕЛТА, гэтая еўраструктура рэкамендавала Беларусі безумоўную адмену смяротнай кары, у крайнім выпадку — мараторый у якасці ўмовы для ўзнаўлення статусу спецзапрошанага ў ПАСЕ.

Смірноў заявіў, што ў карнай практыцы Беларусі за здзяйсненне нецяжкіх злачынстваў усё шырэй ужываюцца меры пакарання, не звязаныя з пазбаўленнем волі. Удзельная вага пазбаўленняў волі ў структуры пакаранняў за 2008 год склала 22,6%. Для параўнання, у Расіі ды Казахстане да пазбаўлення волі прысуджаюцца да 33% вінаватых асоб, адзначыў палітык. Ён падкрэсліў, што ў Беларусі пашыраецца ўжыванне штрафных санкцый.

У дыскусіі ў Савеце Рэспублікі пра шляхі ўдасканалення крымінальнага заканадаўства Беларусі прынялі ўдзел парламентарыі абедзвюх палат, суддзі Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, прадстаўнікі Генпракуратуры, Рэспубліканскай калегіі адвакатаў, міністэрстваў юстыцыі і ўнутраных спраў, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, навукоўцы, юрысты-практыкі. Акрамя таго, міжнародным досведам падзяліліся эксперты з Нямеччыны і Ўкраіны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі