У Беларусі пашыраныя правы антыманапольнага органа

У Беларусі пашыраныя правы антыманапольнага органа. Адпаведны ўказ №499 "Аб некаторых мерах па ўдасканаленні антыманапольнага рэгулявання і развіцці канкурэнцыі" падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Як адзначае БЕЛТА, у дакуменце размяжоўваюцца функцыі антыманапольнага органа: на таварных рынках краіны гэтыя функцыі выконвае Міністэрства эканомікі, а на таварных рынках абласцей і Мінску — структурныя падрадзяленні абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў.

Антыманапольнаму органу таксама даецца права складаць дамовы з юрыдычнымі асобамі, якія займаюць дамінуючае становішча на таварных рынках, у якіх вызначаюцца ўмовы іх канкурэнтных паводзін, а таксама межы змены коштаў (тарыфаў) на тавары (працы, паслугі). Пры гэтым такая юрыдычная асоба выключаецца з Дзяржаўнага рэестру гаспадарчых суб'ектаў, якія займаюць дамінуючае становішча на таварных рынках.

Антыманапольны орган надзяляецца правам звяртацца з пазоўнымі заявамі ў суды аб прызнанні несапраўднымі дамоваў, падпісаных з парушэннем антыманапольнага заканадаўства, калі яны наносяць шкоду правам і законным інтэрасам іншых юрыдычных асоб або грамадзян і прыводзяць да абмежавання канкурэнцыі.

Указ уступае ў сілу праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі