У Беларусі падаражэлі квіткі на міжнародныя цягнікі

19 студзеня ў Беларусі падаражэў праезд у міжнародных цягніках. Як адзначае tut.by, гэтае падаражэнне звязанае з тым, што курс рубля знізіўся ў адносінах да швейцарскага франка — тарыфнай валюты міжнародных перавозак. Менавіта да швейцарскай валюты прывязаныя тарыфы ў міжнародных чыгуначных перавозках.

Паведамляецца, што кошт праезду вырас цяпер на 7,9%. Напрыклад, квіток з Мінску да Вільні на раней каштаваў 372 400 рублёў. Ад сённяшняга дня ён каштуе ўжо 402 тысячы рублёў. Да гэтай сумы трэба дадаць яшчэ камісійны збор у 4000 рублёў.

Самы танны білет з Мінска ў Маскву цяпер каштуе 511 400 рублёў, у Кіеў — 627 300 рублёў, у Львоў — 596 700 рублёў.

У кіраўніцтве Беларускай чыгункі кажуць, што сёлета не павышалі тарыфы і не маюць намеру рабіць гэта бліжэйшым часам.

У 2015 годзе праезд у цягніках міжнародных зносін падаражэў на 6,5%, а ў рэгіянальных цягніках — на 6,4%.