У Беларусі па справе "прадуктовай піраміды" затрымалі 8 чалавек

Пасля атрымання прадукцыі "бізнесмен" мяняў абаненцкі нумар

Пасля атрымання прадукцыі "бізнесмен" мяняў абаненцкі нумар / pixabay.com

У Беларусі па справе "прадуктовай піраміды" затрымалі 8 чалавек, яшчэ адзін аб'яўлены ў міжнародны вышук (мяркуецца, што ён жыве ў Польшчы). Сталічныя "бізнесмены" падманулі пастаўшчыкоў амаль на 3 мільёны рублёў, паведамляе Следчы камітэт. Адзначаецца, што гэта было "махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры". Ужо выстаўленыя абвінавачванні. А аднаго з затрыманых абвінавацілі яшчэ і ва ўдзеле ў пратэстах 2020-га.

Па версіі следства, 60-гадовы мінскі прадпрымальнік вырашыў "зарабіць на даверлівасці людзей". Для гэтага ён падбірае патрэбных людзей. Сярод іх была вопытны юрыст, якая дапамагла перааформіць некалькі "чыстых" фірмаў для рэалізацыі злачыннай схемы. У выніку ў прадпрымальніка з'явіліся 7 арганізацый, ад імя якіх заключаліся дамовы на аптовае набыццё прадуктаў. Умова была адна — адтэрмінаваная аплата. 51-гадовы ўдзельнік схемы шукаў арганізацыі, якія гатовыя на пастаўку тавару з адтэрміноўкай плацяжу і заключаў з імі дамовы. Для канспірацыі ён выкарыстоўваў выдуманыя імёны і сім-карты "аднадзёнкі". Пасля атрымання прадукцыі мужчына мяняў абаненцкі нумар.

Тавар прадавалі ў Беларусі і Расіі. Каб хутчэй гэта зрабіць, прапаноўвалі кошт ніжэйшы за закупачны, і пакупнікоў гэта прыцягвала. Каб не пакідаць слядоў, удзельнікі "прадуктовай піраміды" аплату бралі толькі наяўнымі грашыма. Іх яны дзялілі паміж сабой.

Гэтая схема працавала больш за год, але ў 2022 годзе яна дала збой. Каб яе разблытаць, давялося прааналізаваць больш за 1000 дакументаў, дапытаць больш за 300 чалавек. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі