У Беларусі будуць вяшчаць яшчэ чатыры ўкраінскія каналы

У Беларусі будуць вяшчаць яшчэ чатыры ўкраінскія каналы

Яшчэ чатыры ўкраінскія тэлеканалы неўзабаве пачнуць вяшчанне ў Беларусі. Апроч UATV, які ўжо атрымаў афіцыйны дазвол на трансляцыю з 24 студзеня гэтага года, такую ліцэнзію таксама мае Film.ua Drama.

Як паведамляе Interfax.by, на разглядзе ў Міністэрстве інфармацыі на сёння знаходзяцца заяўкі на вяшчанне двух каналаў кампаніі Star Cinema і Star Media. У перспектыве ў Беларусь можа прыйсці і ўкраінскі канал World.

Усё каналы не інфармацыйныя, не дзяржаўныя, а нішавыя, паведаміла генеральны дырэктар UATV Людміла Беразоўская журналістам у рамках прэзентацыі тэлеканала, якая адбылася ў амбасадзе Украіны ў Беларусі 15 сакавіка.

Апроч названых, яшчэ два ўкраінскія тэлеканалы падалі заяву на дазвол трансляцыі ў Міністэрства інфармацыі Беларусі — 1+1 International і “Квартал 95”.

Цяпер “Навігатар ТБ” склаў каля 20 дамоваў аб вяшчанні UATV з беларускімі аператарамі кабельных сетак; у дзесяці з іх прагляд ужо даступны. Траціна аператараў вяшчае ў Мінскай вобласці, астатнія — у Гомельскай і Брэсцкай. У найбліжэйшы час плануецца падключэнне да іншых беларускіх аператараў кабельных сетак.

Усяго ў Беларусі дзейнічае каля 150 кабельных тэлеаператараў. Найбуйнейшымі з'яўляюцца “МТІС”, “Вэлком” і “Космас Тэлекам”, аднак яны пакуль што не ўключылі ўкраінскі тэлеканал.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі