Вы тут

У ААН заявілі, што Беларусі патрэбны рэформы

Мішэль Бачэлет падчас выступу 14 верасня 2020-га / Reuters

Беларусі неабходны рэформы, дыялог і прыцягненне да адказнасці тых, хто вінаваты ў сур'ёзных парушэннях правоў чалавека. Такую заяву 14 верасня на 45-й сэсіі Савета Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека ў Жэневе зрабіла Мішэль Бачэлет, вярхоўны камісар ААН па правах чалавека, паведамляе ТАСС.

Бачэлет заклікала Савет па правах чалавека зрабіць усё магчымае, каб "прадухіліць далейшую эскалацыю гвалту і незадавальнення" ў нашай краіне. Паводле яе слоў, "усе сцвярджэнні аб катаваннях і іншых формах дрэннага абыходжання з боку сіл бяспекі павінны быць задакументаваныя і расследаваныя, з тым, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасці".

У сваім выступе Мішэль Бачэлет падкрэсліла, што з Беларусі працягваюць прыходзіць весткі пра рэпрэсіі супраць мірных пратэстоўцаў, пра празмернае выкарыстанне сілы, пра арышты журналістаў і выкраданні невядомымі асобамі апазіцыянераў.

Абмеркаванне беларускага пытання на сесіі Савета ААН па правах чалавека стала магчымым, дзякуючы звароту Германіі ад імя ЕС. Рашэнне аб правядзенні тэрміновых дэбатаў было прынята большасцю галасоў: 25 — "за", 2 — "супраць" (Венесуэла і Філіпіны), 20 — устрымаліся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.