Туды і назад: як беларусу, які жыве за мяжой, наведаць родных і вярнуцца

Беларуская мяжа / unian.net
Беларуская мяжа / unian.net

"Праз пандэмію каранавіруса не магу наведаць бацькоў у Беларусі", — з такой праблемай сутыкнуліся многія беларусы, якія жывуць за мяжой. Транспартныя зносіны паміж дзяржавамі праз пандэмію зведзены да мінімуму, а межы дзесьці наогул нельга перасякаць, дзесьці можна — але толькі пешшу. І ў кожным разе гэта тоіць у сабе перспектыву двухтыднёвай самаізаляцыі ў Беларусі — і яшчэ двух тыдняў каранціну па вяртанні ў краіну пражывання. Расказваем, хто і як цяпер можа прыехаць у Беларусь з суседніх дзяржаў і, што не менш важна, вярнуцца назад.

Месяц на каранціне

Анастасія ўжо некалькі гадоў працуе ў Варшаве касметолагам. Візіт да бацькоў, якія жывуць у Віцебскай вобласці, дзяўчына планавала на сярэдзіну сакавіка. Але пандэмія ўнесла ў яе планы свае карэктывы.

— Разлічвала прыехаць 15 сакавіка. Але напярэдадні Польшча ўвяла абмежаванні на межах. Мы з мужам вырашылі не адмяняць планы і паехаць на машыне. У нас ёсць карта паляка, мы б змаглі ўехаць у Польшчу назад. Цяпер туды вярнуцца можна не ўсім, забаронены ўезд нават студэнтам. Але ў выніку нас спыніла тое, што трэба было б два разы сядзець на двухтыднёвым каранціне: як у Беларусі, так і ў Польшчы. Гэта ж цэлы месяц! — расказвае дзяўчына.

 

Туда и обратно: как белорусу, живущему за границей, навестить родных и вернуться
Польская мяжа / vgr.by

У іншай сітуацыі апынуўся Уладзіслаў: ён прыехаў у Беларусь яшчэ ў лютым, а цяпер асцерагаецца, што з вяртаннем у Польшчу могуць быць праблемы:

— Я ў лютым звольніўся са старой працы ў Польшчы і вырашыў наведаць блізкіх, пакуль ёсць вольны час. Тады яшчэ ніякіх праблем з перасячэннем межаў не было. Цяпер хацелася б вярнуцца ў Польшчу як мага хутчэй, але ёсць апаска, што магчымасці ўехаць мне не дадуць.

Спачатку разбяромся, як уехаць у Беларусь з Польшчы

Нейкіх спецыфічных абмежаванняў для грамадзян Беларусі няма. Перасекчы польска-беларускую мяжу можна пешшу (але толькі грамадзянам Беларусі), на легкавым транспарце і на рэйсавых аўтобусах.

1. Калі хтосьці можа давезці вас да памежных пунктаў пропуску "Кузніца — Брузгі" або "Цярэспаль — Брэст", вы можаце перайсці мяжу пешшу. Ваш кіроўца не перасячэ мяжы, і яму не давядзецца сядзець на каранціне, але вас чакае двухтыднёвая ізаляцыя ў Беларусі. Да таго ж трэба паклапаціцца пра тое, каб хтосьці забраў вас з мяжы з нашага боку.

2. На мяжы Польшчы з Беларуссю працуюць аўтамабільныя пункты пропуску "Кузніца Беластоцкая — Брузгі", "Баброўнікі — Бераставіца", "Цярэспаль — Брэст". Усіх, хто перасякае мяжу, у Беларусі чакае двухтыднёвая самаізаляцыя.

3. Таксама, нягледзячы на пандэмію, ходзяць рэйсавыя аўтобусы па маршрутах Беласток — Гродна, Варшава — Брэст, Варшава — Гродна, Гданьск — Мінск праз Гродна і Гданьск — Мінск праз Варшаву і Брэст. Самаізаляцыя ў Беларусі чакае ўсіх пасажыраў.

З іншых краін таксама ўсё яшчэ можна трапіць у Беларусь?

З 17 сакавіка Латвія адмяніла ўсе міжнародныя пасажырскія рэйсы: праз аэрапорты, парты, аўтобусамі і чыгуначным транспартам. Але пункты пропуску для выезду з Латвіі засталіся адкрытымі. Перасекчы латвійска-беларускі ўчастак мяжы можна на аўтатранспарце або пешшу (толькі грамадзянам Беларусі) у пунктах "Патарніекі — Грыгароўшчына" і "Сілене — Урбаны".

Туда и обратно: как белорусу, живущему за границей, навестить родных и вернуться
На мяжы Латвіі / leesider.livejournal.com

Магчымасць перасячэння літоўска-беларускага ўчастка мяжы абмежаваная пунктамі пропуску "Мядзінінкай" (з беларускага боку "Каменны Лог") і "Райгардас" ("Прывалка"). Перасекчы мяжу можна на аўтамабілі або пешшу.

Прыехаць у Беларусь з Украіны можна на аўтамабілі (або перайсці мяжу пешшу) праз пункты пропуску "Пулемец" ("Тамашоўка"), "Даманава" ("Макраны"), "Дольск" ("Махро"), "Прыкладнікі" ("Невель"), "Гарадзішча" ("Верхні Церабяжоў"), "Выступовічы" ("Новая Рудня"), "Вільча" ("Аляксандраўка"), "Славуціч" ("Камарын"), "Новыя Ярылавічы" ("Новая Гута"), "Сянькоўка" ("Весялоўка").

Пешшу перайсці нашу мяжу могуць толькі грамадзяне Беларусі — і толькі з мэтай вяртання.

А што з беларускага боку?

Беларусь на час пандэміі не ўводзіла абмежаванняў на ўезд у краіну. Кантроль на беларускім баку мяжы асабліва не змяніўся.

— Беларусы і замежнікі ў абавязковым парадку праходзяць санітарна-каранцінны кантроль, анкетаванне, ім уручаюць пісьмовае патрабаванне аб самаізаляцыі на 14 дзён і памятку пра яе правілы, — расказвае Еўрарадыё афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Антон Бычкоўскі.Гэтыя два тыдні грамадзяне абавязаныя знаходзіцца ў Беларусі, яны не могуць выехаць раней заканчэння гэтага тэрміну — іх не выпусцяць і паведамяць пра парушэнне рэжыму самаізаляцыі. Гэта не датычыцца толькі тых, хто рухаецца транзітам праз тэрыторыю краіны і перавозіць якія-небудзь грузы, і некаторых іншых катэгорый, вызначаных Саўмінам.

У Дзяржпагранкамітэце адзначаюць, што беларускую мяжу перасякаюць цяпер у асноўным з мэтай грузавых перавозак. Значна скараціўся транспартны паток, пасажырскія перавозкі практычна сышлі на нішто.

— У Беларусь можна прыехаць. Мы прымем нашых грамадзян. Ці змогуць яны вярнуцца назад? Усе сумежныя дзяржавы ўвялі абмежаванні на сваіх межах. Уехаць туды цяпер можа не кожны, трэба адпавядаць пэўным катэгорыям грамадзян, — тлумачыць Антон Бычкоўскі.

Перайсці беларускую мяжу пешшу ў напрамку суседняй дзяржавы пакуль што нельга ў прынцыпе.

Туда и обратно: как белорусу, живущему за границей, навестить родных и вернуться
Санітарны кантроль на беларускай мяжы / sb.by

Сваякі, дыпламаты і дальнабойшчыкі

Усе суседзі Беларусі — Польшча, Літва, Латвія, Украіна і Расія — увялі абмежаванні на перасячэнне сваіх межаў для замежных грамадзян.

На тэрыторыю Польшчы заехаць могуць толькі замежнікі, якія з'яўляюцца мужам ці жонкай або дзецьмі грамадзян Польшчы, тыя, хто мае карту паляка, права на пастаяннае або часовае пражыванне або права на работу (на тых жа ўмовах, што і польскія грамадзяне). Забарона на ўезд не датычыцца дыпламатаў, іх сямейнікаў і замежнікаў, якія кіруюць транспартным сродкам, што выкарыстоўваецца для перавозкі тавараў. Усім астатнім замежнікам забаронены ўезд да 13 траўня.

У Літву трапіць праз беларуска-літоўскія пункты пропуску цяпер наогул нельга. Уезд магчымы толькі праз найбліжэйшыя пункты пропуску ў суседніх краінах "Будзіска (Польшча) — Калварыя", "Грэнцтале (Латвія) — Салачай", а таксама паромам па маршруце Кіль (Германія) — Клайпеда. Пры гэтым Літва пускае толькі грамадзян Літвы і тых замежнікаў, сямейнікі якіх з'яўляюцца грамадзянамі Літвы.

У Латвіі рэжым каранціну падоўжаны да 12 траўня. Да гэтай даты латвійскі бок не афармляе замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на ўезд у краіну. На беларуска-латвійскай мяжы закрыты пункты спрошчанага пропуску "Мейкшаны" (з беларускага боку "Гаўрыліна"), "Каплава" ("Плюсы"), "Піедруя" ("Друя"), а таксама міжнародны чыгуначны пункт пропуску "Індра" ("Бігосава") на станцыі Бігосава для пасажырскіх зносін.

Ва ўкраінскіх пунктах пропуску абмяжоўваецца перасячэнне мяжы на ўезд для замежных грамадзян, у тым ліку ў мэтах транзітнага праезду. Спынены пасажырскі аўтобусны і пешаходны рух у 21 украінскім пункце пропуску. Пад абмежаванне па ўездзе на тэрыторыю Украіны не падпадаюць супрацоўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў, консульскіх устаноў і прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый, акрэдытаваных ва Украіне, іх сямейнікі; грамадзяне, якія маюць від на пастаяннае або часовае пражыванне; члены экіпажаў водных і авіясуднаў, цягнікоў і грузавых аўтамабіляў.

У Расію могуць уехаць тыя грамадзяне Беларусі, у якіх ёсць від на жыхарства ў РФ, які дае права на пастаяннае пражыванне. Такі дакумент беларусы афармляюць рэдка, бо з 2015 года ім дазволена знаходзіцца ў Расіі без рэгістрацыі да 90 дзён. Наведваць РФ цяпер могуць таксама дыпламаты, кіроўцы аўтамабіляў міжнародных зносін і тыя, хто ляціць праз Расію транзітам.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі