Тэатры лялек здзівілі мінчукоў. Фотарэпартаж

У марудлівае, няспешнае, стомленае ад дажджоў і шэрасці жыццё нашай сталіцы раптам уварвалася нечаканае ўжо сонца і... віхура. Віхура ў выглядзе эмацыйных, яркіх, розных, такіх незнаёмых нашаму гледачу спектакляў, якія можна было паглядзець з 3-га па 8-га кастрычніка ў межах Беларускага міжнароднага фестывалю тэатраў лялек. Прапануем вам невялічкі фотаагляд выбраных спектакляў. Якія асацыяцыі у вас узнікаюць, калі вы чуеце выраз "тэатр лялек"? Так, для большасці з нас - гэта тэатральныя пастаноўкі для дзяцей. Развеяць гэты стэрэатып сёлета да нас прыехалі акцёры з Англіі, Галандыі, Бельгіі, Германіі, Літвы, Славеніі, Украіны, Польшчы, Чэхіі і Расіі. Пры першай сустрэчы яны добразычліва ўсміхаліся, прыходзілі на пастаноўкі адно да аднаго, дзяліліся думкамі і досведам, і спагадна давалі інтэрв'ю. А яшчэ склалася ўражанне, што на гэты фестываль акцёры прыехалі... здзіўляць. Здзіўляць непадрыхтаванага да такіх імпрэзаў беларускага гледача і нават рэжысёраў і крытыкаў.
І здзівілі. Нават самых скептычна настроеных.



Сёлетні Беларускі міжнародны фестываль тэатраў лялек- пяты па ліку з моманта свайго існавання. Але папярэдні, чацвёрты, праводзіўся ў далёкім 99-м годзе. Арганізатар і кіраўнік фестывалю Аляксей Анатольевіч Ляляўскі патлумачыў гэта шматлікімі "бюракратычнымі" цяжкасцямі ў працэсе падрыхтоўкі імпрэзы, але выказаў надзею, што з гэтага моманту фестываль ператворыцца ў сапраўднае біенале і будзе праводзіцца сістэматычна раз у 2 гады.



Праграма фестывалю была ў роўнай ступені прадстаўлена як спектаклямі для дзяцей, так і спектаклямі для дарослых. Формы пастановак  - самыя розныя: ад класічнага тэатра лялек да тэатра аб'екта, мультымедыйнага тэатра і тэатра ценяў.



Першым адкрыццём і здзіўленнем стаў спектакль "Фаўст у кубе. 2360 слоў" Рускага інжынернага тэатра "AXE" з Санкт-Пецярбургу. Для больш дакладнай перадачы уяўленняў саміх акцёраў пра Фаўста, яны вырашылі загаварыць на сцэне, бо да гэтага часу "Фаўст" у інтэрпрэтацыі тэатра "AXE"  уяўляў сабой дзею без слоў. Таму акцёры асабліва старанна адбіралі важныя для сябе словы. Іх назбіралася 2360. Як кажуць самі акцёры, магчыма, варта было палічыць і паўзы, бо яны не менш каштоўныя..
"AXE" - свабодны ад жанравых рамак і стыляў калектыў, які набыў вядомасць дзякуючы акцыям-перфомансам, блізкім да рытуалаў і ініцыяцый. Вось і ў гэты раз акцёры здзіўлялі сваёй пастаноўкай -  квіткі на "Фаўста ў кубе", які ладзіўся на пляцоўцы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы, прадаваліся толькі ў партэр: дзея адбывалася не толькі на сцэне, але і з балконаў, і з бельетажу. 



У "Патаемным" нямецкага тэатра з Штутгарту неспакойны дух жанчыны паўстае перад гледачамі ў часе і прасторы, шукаючы сваё сапраўднае "я". Жанчына назірае за ўласным целам з дапамогай мікракамеры, вывучае, даследуе, адкрывае сябе праз інтымнае. Камера, нібы вока, дазваляе толькі беглае знаёмства з унутраным светам гераіні. Але яе думкі становяцца адлюстраваннем, і такім чынам гледачу адкрываюцца патаемныя пачуцці чалавека.



Спектаклем, які выклікаў найвялікшы рэзананс і спрэчкі і збоку гледачоў, і з боку рэжысёраў і крытыкаў, падаецца, стаўся спектакль "Крыжаносцы" бельгійскага тэатра "Агора" з гораду Сэнт-Віт. Аўтар і рэжысёр, добра вядомы ўсім тэатралам свету Марсэль Крэмер, прывёз у Беларусь трагікамічны спектакль з жывой музыкай. Дзея "Крыжаносцаў" ўяўляе сабой сучасны погляд на крыжовы паход.





Яўген  Карняг, вучань Аляксея Анатольевіча Ляляўскага, рэжысёр-харэограф, распавядае Еўрапейскаму радыё сваё бачанне гэтага фестывалю.

Яўген Карняг: "Не ўсе спектаклі фестывалю - лялечныя. На мой погляд, Ляляўскі скарыстаўся магчымасцю правядзення фестывалю, каб паказаць некаторыя геніяльныя спектаклі беларускаму гледачу. Таму што тыя, хто зараз запраўляе у драматычным тэатры, проста даўно выйшлі з моды, яны састарэлі даўным даўно. І тое стаўленне гэтых людзей да пастаўленага бельгійцамі спектаклю асабіста для мяне расставіла ўсе кропкі над і. Я зараз кажу пра спектакль "Крыжаносцы" і пра тое, што некаторыя рэжысёры назвалі гэта самадзейнасцю і школьным КВЗ. Калі проста не змаглі адрозніць формы ад зместу, і нават больш - гэты змест яны проста не здолелі прачытаць у дзеі. Гэта геніяльнейшы спектакль, які я ўжо бачыў у Германіі і на які спецыяльна набыў квіткі, каб мець магчымасць паглядзець яго яшчэ раз. І буду рабіць гэта кожны раз, калі будзе такая магчымасць. Гэта найтанчэйшая работа і акцёраў, і рэжысёра. Гэтым яны падкупляюць гледача і зала, нават не разумеючы мовы, ідзе на кантакт з акцёрамі. Гэта адзін з самых лепшых спектакляў фестывалю. Але, безумоўна, не адзіны."






Час праляцеў і адбыўся апошні са спектакляў. Захопленыя віхурай фестывалю, акцёры, музыкі і іх сябры выглядаюць стомленымі, але бязмежна шчаслівымі. То тут, то там чутно: "А што ж гэта, ужо заўтра пачнецца звычайнае жыццё?". Яны ўзгадваюць падрыхтоўку і лепшыя моманты фестывалю, распавядаюць пра новыя знаёмствы і сумуюць па калегах з іншых краінаў,  якія з'ехалі далей на гастролі. І з гэтымі ўспамінамі і верай яны пойдуць наперад - ствараць новае і здзіўляць удзячнага за падоранае свята гледача.



 У нашых далейшых тэмах чакайце рэпартажы пра тое, якія ж неспадзяванкі падрыхтавалі арганізатары фестывалю для сваіх гледачоў і удзельнікаў, а таксама інтэрв'ю з акцёрамі бельгійскага тэатру "Агора", рэжысёрам Аляксеем Ляляўскім і Яўгенам Карнягом.

Вельмі хацелася б падзякаваць за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу і за прадстаўленыя фотаздымкі Марусі Дашук, Марыне Тэзінай і Яўгену Карнягу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі