Тавараабарот у будучым часе: як замест рэформаў мы прадаём трактары ў В'етнам

Вялікі трактарны шлях
Вялікі трактарны шлях

Беларусь гандлюе са 180 краінамі свету. На Еўрасаюз прыпадае каля 45% нашага знешняга гандлю, на Расею ― каля 30%. А на тыя 150 краін, што засталіся, ― астатнія 25%. Гэтая сціплая доля не задавальняе наш урад, таму беларускія чыноўнікі час ад часу адпраўляюцца ў рэйды "на далёкі кардон" ― прадаваць тое, што вырабляюць беларускія заводы.

Наколькі паспяховая гэтая стратэгія? Хто верыць у тое, што рэйдамі па Індакітаі можна разгрузіць беларускія склады? Што адбываецца ў свеце, пакуль мы пераконваем в'етнамскага прэзідэнта набыць беларускі трактар? Што такое пастка сярэдняга ўзроўню даходу, у якую трапіў беларускі знешні гандаль? Пра гэта Еўрарадыё гутарыць з эканамістам Леанідам Злотнікавым.

"Нашы намаганні ў В'етнаме дарэмныя"

 

Еўрарадыё: Вось Беларусь праводзіць перамовы з В'етнамам. Чыноўнікі плануюць павялічыць тавараабарот у чатыры разы ― да $500 млн. Гэтыя размовы для чаго: для развіцця эканомікі ці для гучных загалоўкаў?

Леанід Злотнікаў: І тое, і іншае. Краіна ў нас маленькая, жыве з таго, што прадае. Ды ў нас знешні таваразварот большы, чым ВУП! Але шуму сапраўды шмат. Уверсе дрэвы шумяць, а ўнізе нічога не мяняецца. Я ўзгадваю, як у сярэдзіне 1990-х пачыналіся гэтыя паездкі ў спробах прадаць беларускі тавар. Міхаіл Мясніковіч з’ездзіў у Японію, вярнуўся і сказаў у інтэрв'ю: вось цяпер у нас тавараабарот з Японіяй павялічыцца. Ну, павялічваецца да гэтага часу.

Гадоў 5-7 таму ў нас была сапраўдная атака на Паўднёва-Усходнюю Азію. Лукашэнка туды два разы ездзіў, рэкламаваў наш тавар, ездзіў Мясніковіч, ездзілі міністры. А потым глядзіш... Вось узяць той жа В'етнам. Тавараабарот у 2013 годзе быў невялікі ― дзесьці $200 млн, экспарт плюс імпарт [$195 млн па звестках беларускага МЗС. ― Еўрарадыё]. Гэта разоў у шэсць менш, чым з Літвой, хоць у Літве насельніцтва 3 мільёны чалавек, а ў В'етнаме ― пад 90. І вось гэты маленькі тавараабарот да 2016 года яшчэ панізіўся - да $ 121 млн. Шмат было размоў, шмат візітаў. В'етнам, у рэшце рэшт, заключыў з ЕАЭС пагадненне аб свабодным гандлі. І што мы бачым? Тавараабарот стаў яшчэ меншы! За першы квартал 2017 года (я перад тым, як прыйсці сюды, паглядзеў даведнік) ён склаў $11 млн! Гэта маленькая велічыня для такой вялікай краіны, як В'етнам.

 

Леанід Злотнікаў ― беларускі вучоны-эканаміст. Нарадзіўся 14 снежня 1939 года ў Гомелі. У 1968 годзе скончыў МДУ па спецыяльнасці "эканаміст-матэматык". Працаваў у Інстытуце эканомікі Акадэміі навук БССР, у камерцыйных прадпрыемствах, у 1995-1996 гадах кансультаваў дэпутатаў Вярхоўнага Савета Беларусі 13-га склікання. Выкладаў у Акадэміі кіравання пры прэзідэнце і ў іншых беларускіх ВНУ. Аўтар некалькіх кніг і соцень аналітычных артыкулаў, апублікаваных у прэсе.

 

Еўрарадыё: Чаму ў чыноўнікаў нічога не атрымліваецца?

Леанід Злотнікаў: Я думаю, што нашы намаганні ў В'етнаме дарэмныя. Гэта іншая краіна, іншая эканоміка. Хоць там і кампартыя, але яны на пачатку 1990-х гэтак жа, як і Кітай, перайшлі на шлях рынкавай эканомікі. Наша планавая эканоміка, дзе тавар прадаюць кіраўнікі дзяржавы, напэўна, ужо здаецца ім вельмі дзіўнай. Ды і розніца ў менталітэтах вельмі істотная. Мы ― славяна-праваслаўны свет, а там свет будыйскай філасофіі. Там няма веры ў замагільнае жыццё. Чалавек імкнецца жыць сёння, а для гэтага ― бесперапынна працаваць. Таму з нашага намеру збіраць у Кітаі цягачы атрымліваецца кітайская вытворчасць цягачоў, для якіх мы робім скрынкі перадач.

Тавараабарот у будучым часе

 

Еўрарадыё: А вы заўважылі, што вельмі шмат загалоўкаў ― у будучым часе? 2015 год: "Пастаўкі беларускай кар'ернай тэхнікі ў Інданэзію павялічацца". 2016 год: "Беларусь плануе павелічэнне тавараабароту з Малайзіяй". І гэтак далей.

Леанід Злотнікаў: Заўважыў, вядома! На беларускім радыё ўжо гадоў 15-20 усё в будучым часе! З тых часоў, як нашы ідэолагі пачалі тлумачыць, што мы не пойдзем па рынкавым шляху. Мы, маўляў, не будзем такую дасканалую тэхніку вырабляць, як на Захадзе, але ўжо ў Расіі, дзе на маразах, каб нешта паправіць, трэба і кувалдай махнуць, яна сапраўды пойдзе. І такая ж непатрабавальная тэхніка патрэбная ў бедных краінах, казалі яны. У В'етнаме і ровары "Мотавела" будуць нарасхват! І спрабавалі, і адпраўлялі туды ровары. А што атрымалася?

 

Еўрарадыё: Зборка кітайскіх ровараў на "Мотавела".

Леанід Злотнікаў: Але мы з нейкай зайздроснай упартасцю ўсё спрабуем ездзіць па свеце і нешта прадаць там, дзе нас яшчэ не ведаюць. А ў нас пры гэтым усё знікае!

Што такое "пастка сярэдняга ўзроўню даходу"

 

Еўрарадыё: Чаму мы не мяняем прыёмы?

Леанід Злотнікаў: Мы не мяняем эканоміку! У нас камандная эканоміка пры аўтакратычным праўленні невялікай групы людзей. Яны і кошты рэгулююць, і вырашаюць, што вырабляць, і прыватнаму сектару ўмудраюцца дыктаваць. Ды хай бы і ездзілі нашы лідары, хай бы і гандлявалі. Нічога страшнага! Іх бы сустракалі там, такія паездкі падштурхоўвалі бы знешні гандаль. Але праблема ў тым, што мы становімся неканкурэнтаздольнымі.

Бо што атрымалася? У сярэдзіне 90-х мы разважалі, што сваю прадукцыю сярэдняй якасці і сярэдняга ўзроўню тэхналагічнасці прададзім. Але Паўднёва-Усходняя Азія выбіла нас з сусветнага рынку прадукцыі легпрама, такой, як тэкстыль і абутак. А з другога боку ― развітыя краіны са сваімі высокатэхналагічнымі таварамі. І мы не можам туды сунуцца, нам няма чаго прапанаваць. Так мы трапілі ў пастку сярэдняга ўзроўню даходу.

Товарооборот в будущем времени: как вместо реформ мы продаём тракторы во Вьетнам
Леанід Злотнікаў. Фота: радыё "Свабода".

Еўрарадыё: Гаворка ідзе пра даход беларусаў?

Леанід Злотнікаў: Глядзіце, вось быў у нас пэўны ўзровень канкурэнтаздольнасці. А далей Лукашэнка пачаў патрабаваць ад урада павышэння заробкаў. І заробкі накручваюць на ўсіх узроўнях: і там, дзе сыравіну здабываюць, і там, дзе робяць дэталі, і на канчатковай вытворчасці. 2012, 2013, першая палова 2014 года ― рост заробкаў без росту ВУП. Усё гэта адбівалася на кошце гатовай прадукцыі. У выніку сёння беларускія станкі каштуюць разы ў два даражэй, чым нямецкія таго ж класа. Іх хоць прэм'ер паедзе за мяжу прадаваць, хоць хто ― усё роўна нічога не атрымаецца.

 

Еўрарадыё: Па дружбе, хіба што. Калі адносіны на ўзроўні прэзідэнтаў такія, як былі ў Беларусі з Венесуэлай...

Леанід Злотнікаў: Пакуль у Венесуэлы былі грошы ад экспарту нафты, яны маглі сабе дазволіць сяброўства з Беларуссю.

"Мы ідзем па шляху Кубы і Паўночнай Карэі, а людзі не разумеюць, што адбываецца"

     

Еўрарадыё: То бок, умоўна кажучы, варыянты ў нас два: або за тыя ж грошы вырабляць прадукцыю больш высокай якасці, або зніжаць кошт прадукцыі, калі якасць не атрымліваецца падняць?

Леанід Злотнікаў: І заробкі нехаця знізяцца. Людзі будуць бяднець.

 

Еўрарадыё: А ў выпадку з усходнімі рынкамі дадаюцца яшчэ і лагістычныя выдаткі.

Леанід Злотнікаў: Цяпер лагістыка ― гэта ўжо не такая праблема, як раней. Хоць, вядома, не так проста наладзіць рэгулярныя пастаўкі малочнай прадукцыі ў Кітай або, скажам, у Саудаўскую Аравію.

 

Еўрарадыё: Чаму мы не канцэнтруемся на бліжэйшых рынках?

Леанід Злотнікаў: Бліжэйшы рынак ― гэта Расія. Але яна гадоў дзесяць таму паставіла задачу: забяспечыць сябе прадуктамі сельскай гаспадаркі без усялякага імпарту. З расійскага рынку ўжо выбілі наша яйка, курыцу, свініну. Ялавічына наша яшчэ неяк туды ідзе, але яны нарошчваюць сваю вытворчасць, і нават ужо сёе-тое завозяць у Мінск. А ў нас, з нашай эканамічнай мадэллю, нічога не можа быць развітае. Мы ідзем па шляху Кубы і Паўночнай Карэі. Ідзём, а людзі не разумеюць, што адбываецца. Але яны і не павінны разумець. Яны павінны зарабляць свае грошы і атрымліваць асалоду ад жыцця.

Еўрарадыё: Цікава было б паглядзець на гэтую сітуацыю з пункту гледжання рабочага з завода. Ён ні ў чым не вінаваты і добра робіць сваю працу, як і дзесяць гадоў таму. Але пры гэтым бачыць, што грузавікі і трактары прадаюцца ўсё горш і горш.

Леанід Злотнікаў: А яшчэ горш, калі яны прадаюцца з стратай. А для таго, каб падтрымліваць заробак, банкі пачынаюць выціскаць крэдыты. Крэдыторская запазычанасць нарастае, і, калі так далей пойдзе, то разам з прамысловасцю і банкаўская сістэма гакне.

 

Еўрарадыё: То бок, гэта той выпадак, калі лепш плаціць заробак, але пры гэтым нічога не вырабляць.        

Леанід Злотнікаў: Там, дзе са стратай прадаюць, лепш знайсці $150 на дапамогу па беспрацоўі.

"Мы можам апынуцца ў сям'і дзяржаў, якія не адбыліся"

 

Еўрарадыё: Чаму тады ў нас нічога не змяняецца?

Леанід Злотнікаў: Таму што нашы эліты не гатовыя правесці рынкавыя рэформы. Я маю на ўвазе палітычныя эліты. Чыноўнікаў, якія займаюць важныя пасады ў дзяржаве. Яны атрымлівалі адукацыю яшчэ ў Савецкім саюзе, дзе ім чыталі не эканоміку, а палітэканомію. Так, ёсць і маладыя чыноўнікі, якія павучыліся ў Еўропе і разумеюць, што планавую эканоміку трэба мяняць. Але самы верх тармозіць.

 

Еўрарадыё: У выніку пакуль мы спрабуем прасоўваць старыя тавары на новыя рынкі, мы адстаем?

Леанід Злотнікаў: Я дзесьці нават пісаў, што мы можам апынуцца ў сям'і дзяржаў, якія не адбыліся. Сацыяльна-эканамічныя працэсы цяпер рэзка паскараюцца. Гадоў праз 15 не патрэбныя будуць дальнабойшчыкі, таму што аўтамабілямі будуць кіраваць робаты. Не паедзеш працаваць на разбіранні рыбы куды-небудзь у Шатландыю, таму што гэтая праца будзе аўтаматызаваная. Кітайскі мільярдэр Джэк Ма кажа, што маладое пакаленне кітайцаў будзе працаваць 16 гадзін у тыдзень, а ўвесь астатні час ― падарожнічаць. Хутка ўжо наша рабочая сіла будзе не патрэбная, а наша тэхніка ― і пагатоў. Што мы можам нагнаць? Мы ў трагічным становішчы.

 

Еўрарадыё: Ці ёсць у вас рэцэпты для Беларусі?

Леанід Злотнікаў: Трэба адкрыць сваю эканоміку. Уключыць прадпрыемства ў глабальныя ланцужкі. Нам трэба, каб сюды ішлі капіталы, і не толькі кітайскія ― тыя ж умовы павінны быць для беларусаў і для заходніх інвестараў. Галоўны наш козыр ― пакуль яшчэ адносна танная працоўная сіла. І сюды могуць пайсці інвестыцыі. Але бачыце, колькі ўжо гадоў іх сюды клічуць, капаюць луначкі для дукатаў. А яны ўсё неяк не ідуць. Трэба, каб інвестары канкуравалі паміж сабой за працоўную сілу ў Беларусі. Трэба, каб свае інвестары сюды ўкладвалі. Таму што на кітайскіх прадпрыемствах беларусы будуць адціснутыя, ды і не заробіш шмат на зборцы кітайскага. Патрэбны клімат для інвестыцый, а для яго ― абарона прыватнай уласнасці, якая немагчымая, пакуль існуе вертыкаль улады.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі