Тактычная група “Беларусь”: Затрыманне ў Мінску “найміта” — правакацыя

Тактычная група “Беларусь”: Затрыманне ў Мінску “найміта” — правакацыя

Байцы тактычнай групы "Беларусь", якія ваююць на Данбасе на баку ўкраінцаў, распаўсюдзілі заяву адносна затрымання у Мінску ўзброенага чалавека, які нібыта вярнуўся ў Беларусь з зоны АТА. У заяве адзначаецца, што затрыманне “неадэкватнай асобы” было падазрона хуткім.

“Тактычная група "Беларусь" заяўляе, што ўсе байцы знаходзяцца ў месцах дыслакацыi ва Украiне. Загадам камандавання добраахвотных батальёнаў забаронены вываз любой зброi з зоны баявых дзеянняў. Парушэнне гэтага загаду — злачынства, якое вядзе да дыскрэдытацыi дабраахвотнiцкага руху”, — сказана ў заяве.

Аўтары заявы лічаць, што такое затрыманне выглядае як правакацыя з боку спецслужбаў “з мэтай абгрунтавання пераследу беларусаў, якiя падтрымоўваюць украiнскi народ”.

“Увесь паказаны маскарад нагадвае стандартную страшылку, якой пужаюць наш народ. Не выключаем, што гэта толькi пачатак правакацый супраць тых, хто змагаецца на ўкраiнскiм баку”, — заяўляюць яны.

Таксама падкрэсліваецца, што гэтая асоба не належыць да складу Тактычнай групы "Беларусь".

“Мы мелi кантакты з затрыманым i ў нас склалася ўражанне пра яго неадэкватнасць. Мы не выключаем, што ён мог быць манiпуляваны спецслужбамi”, — заяўляе Тактычная група “Беларусь”.

Апроч таго звяртаецца ўвага на тое, што ў сацыяльных сетках ёсць фэйкавыя групы, кшталту “Правы сектар Беларусь”, якія могуць выкарыстоўвацца для правакацыяў.

Фота: Радыё Свабода

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі