Чарговы раўнд перамоў Расіі і Украіны пачнецца ў Стамбуле

Чарговы раўнд перамоў адбудзецца ў Стамбуле / Скрыншот з відэа
Чарговы раўнд перамоў адбудзецца ў Стамбуле / Скрыншот з відэа

Перамовы Расіі і Украіны ў Стамбуле пачнуцца ўвечары ў панядзелак, паведамляе Reuters са спасылкай на высокапастаўленага турэцкага чыноўніка. Але іншыя дэталі крыніца агенцтва не раскрыла.

Раней кіраўнік расійскай дэлегацыі Уладзімір Мядзінскі заявіў, што вочныя перамовы ў Стамбуле пройдуць 29-30 сакавіка. Іншыя крыніцы таксама паведамляюць пра іх пачатак у аўторак.

Напярэдадні прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю расійскім журналістам расказаў пра украінскую пазіцыю на перамовах і магчымыя кампрамісы. Перш за ўсё, ён сказаў, што пытанні "дэнацыфікацыі і дэмілітарызацыі" ўкраінскі бок абмяркоўваць не будзе.
 
"Мы наогул не сядзем за стол, калі будзем казаць пра нейкую "дэмілітарызацыю", нейкую "дэнацыфікацыю". Для мяне гэта абсалютна незразумелыя рэчы", — сказаў Зяленскі.

Што тычыцца абароны рускай мовы, то, на думку Зяленскага, "кожны наступны дзень вайны ставіць пад пытанне наогул разуменне, што такое руская мова". Ён мяркуе, што людзі "не будуць хацець чытаць, глядзець кіно, казаць". Тым не менш пытанне рускай мовы застаецца ў павестцы, сказаў Зяленскі.

"Павага да моў народаў-суседзяў — мяне цікавіць такі дагавор, я хачу яго падпісаць з усімі суседнімі краінамі", — патлумачыў сваю пазіцыю ён.

Што тычыцца гарантый бяспекі і нейтралітэту, а таксама бяз'ядзернага статусу Украіны, Кіеў гатовы на гэтай ісці. Гэта галоўны пункт, падкрэсліў Зяленскі. Ва Украіне павінен прайсці рэферэндум, у якім змогуць паўдзельнічаць усе грамадзяне Украіны, якім сёння давялося пакінуць краіну. "У нас цяпер 90 адсоткаў насельніцтва хоча вярнуцца ў першы дзень заканчэння стрэлаў", — падкрэсліў ён.

Але перш павінна скончыцца вайна. "Дамоўленасць павінна быць у нас з прэзідэнтам Пуціным. Гаранцёры нічога падпісваць не будуць, калі ў нас стаяць войскі", — адзначыў Зяленскі. Ён перакананы, што "вайну можна хутка скончыць — і цягне толькі Пуцін і яго асяроддзе".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі