Сыну Байдэна пагражае турэмнае зняволенне

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн з сынам Хантэрам

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн з сынам Хантэрам / АР

Хантэру Байдэну, сыну прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна, выставілі абвінавачанні паводле дзевяці пунктаў. Абвінавачанні тычацца ўхілення ад выплаты падаткаў на суму ў 1,4 мільёна долараў і падачы падробленай падатковай дэкларацыі. Пра гэта піша Associated Press.

Гаворка ідзе пра падаткі, якія Байдэн-малодшы мусіў заплаціць у 2016-2019 гадах, калі ў яго былі праблемы з наркотыкамі. Пазней гэтая сума была выплачаная. Аднак у заключэнні спецпракурора ў справе Дэвіда Уайса гаворыцца, што сын Байдэна "выдаткаваў мільёны долараў на экстравагантны лад жыцця, замест таго каб аплачваць свае падатковыя рахункі". Грошы, павосле Уайса, марнаваліся "на ўсё, акрамя падаткаў": ад наркотыкаў і танцорак да раскошных гатэляў і рэдкіх аўтамабіляў.

Абарона сына прэзідэнта ЗША лічыць, што абвінавачанні матываваныя. Адвакат Эбе Лоуэл, у прыватнасці, заявіў, што калі б прозвішча Хантэра было не Байдэн, то гэтых абвінавачанняў бы не было. Калі Хантэра Байдэна прызнаюць вінаватым, яму пагражае да 17 гадоў турмы.

Нагадаем, справу супраць Байдэна-малодшага завялі яшчэ ў 2018 годзе. У верасні яго абвінавацілі ў незаконным набыцці і валоданні зброяй. Некалькі месяцаў таму з'явілася інфармацыя пра магчымую ўгоду паміж Байдэнам-малодшым і Мінюстам ЗША. Сын амерыканскага прэзідэнта быў гатовы прызнаць сябе вінаватым у двух падатковых правапарушэннях, але за гэта з яго павінны былі зняць абвінавачанні ў незаконным захоўванні зброі. Аднак здзелка, відаць, сарвалася, піша "Медуза".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі