Сяргей Скрабец у радыёэфіры расказаў анекдот пра Лукашэнку
Палітык Сяргей Скрабец балатуецца ў дэпутаты Мінгарсавета па Пляханаўскай акрузе №10. Як і іншыя кандыдаты ён атрымаў магчымасць звярнуцца да выбарцаў па радыё.
Выступ апазіцыйнага кандыдата адрозніваўся ад выступаў канкурэнтаў. Як піша nn.by, Скрабец прайшоўся па персаналіях сапернікаў, расказаў показку пра Аляксандра Лукашэнку, а скончыў выступ словамі "Жыве Беларусь!".
Показка ад Скрабца
"Раскажу вам анекдот.
Сабраліся неяк Трамп, Пуцін і Лукашэнка і абмяркоўваюць, як жывуць іх выбарцы.
Трамп кажа:
— Сярэдні амерыканец атрымлівае 2 тысячы долараў на месяц. 500 ідзе на расходы: камуналка, тэлефон, тэлевізар, інтэрнэт. Паўтары тысячы ім застаецца, на жыццё хапае.
Пуцін кажа:
— Расіянін у сярэднім атрымлівае 1000 долараў. 500 траціць на камуналку, тэлефон, тэлевізар, інтэрнэт. 500 долараў яму застаецца. Не вельмі, але хапае на жыццё.
Лукашэнка кажа:
— У сярэднім беларус атрымлівае 300 долараў. 500 траціць на накладныя расходы, як і ў вас. Вось я па начох не сплю і ўсё думаю: дзе ён яшчэ 200 долараў бярэ?"
Закончыў свой выступ ён наступнымі словамі:
"Ау, людзі на балоце! Час прачынацца! Вясна хутка прыйдзе. Разам будзем святкаваць 100-годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыве Беларусь!"