Сям'я затрыманага журналіста Ігара Карнея пакінула Беларусь

Ігар і Іна Карней / facebook.com/ihar.karnei

Ігар і Іна Карней / facebook.com/ihar.karnei

Пасля затрымання журналіста Ігара Карнея яго сям'я была вымушаная пакінуць Беларусь. Пра гэта ў сацсетках напісала жонка Ігара Іна. Паводле яе слоў, яны не планавалі з'язджаць да апошняга.

"Кацярына Шульман у адным са сваіх інтэрв'ю казала пра прывілей застацца. Не ўсе могуць з'ехаць, застацца — гэта таксама прывілей. Да 17 ліпеня, да затрымання Ігара, у нас быў такі прывілей", — цытуе Іну выданне "Народная воля". Сям'я перабралася ў Партугалію, на Азорскія астравы. Паводле слоў Іны, яна не мае ілюзій або надзей на вяртанне, таму плануе зрабіць Партугалію кропкай збору сям'і.

"Сюды будуць прылятаць нашы дзеці, калі-небудзь сюды прыедзе Ігар, я ў гэта веру. Не так я хацела пачаць новы этап у жыцці, але ўжо як ёсць. Хай вышэйшыя сілы захоўваюць усіх, хто застаецца ў Беларусі", — напісала жонка Ігара Карнея ў сацыяльных сетках.

Што стала прычынай затрымання журналіста, невядома. За некалькі дзён да затрымання ён вельмі эмацыйна адгукнуўся на смерць Алеся Пушкіна. З пачатку нулявых і да ліквідацыі карпункта ў Беларусі ён супрацоўнічаў з "Радыё Свабода". Ігара Карнея таксама затрымлівалі ў лістападзе 2020 года. Тады нагодай быў удзел у адным з маршаў у Мінску.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі